Бясплатныя жывыя кветкі раздавалі валанцёры пры ўваходзе на Мінскія могілкі ў Бабруйску.
Ужо чацвёрты год запар мясцовая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя разам з валанцёрамі з таварыства “Экабабры” заклікае бабруйчан не несці на могілкі штучныя кветкі. Сёлета яны не толькі заклікалі, але і прапаноўвалі нешта ўзамен пластыкавых упрыгожванняў, а менавіта – жывыя кветкі для ўшанавання памяці памерлых.
Паводле профільнага абласнога камітэта, у гэтым годзе акцыю “Радаўніца без пластыка” падтрымалі не толькі магазіны кветак, камунальнае прадпрыемства “ДЭП г. Бабруйска”, але і звычайныя жыхары горада, якія прынеслі для гэтага каля 200 саджанцаў.
Надоечы стала вядома, што Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі працуе над новым Экалагічным кодэксам. Праз яго, магчыма, будзе ўведзеная забарона на вытворчасць і пастаўку тавараў, адыходы якіх складана або немагчыма перапрацаваць. Гэтая забарона можа датычыцца штучных пластыкавых кветак. Аднак, не выключана, што гэта ўсё застанецца на ўзроўні размоў, бо прыбытак ад продажу такіх кветак даволі высокі і наўрацці дзяржава будзе забараняць яго.
Фотаздымак: ТГ “Магілёўпрырода”
