У Магілёўскім аблвыканкаме правялі семінар-практыкум для рэдактараў раённых газет і вучылі іх хлусіць крыху якасней.
На фота з семінара некалькі дзясяткаў рэдактараў раёнак і загадчыкаў ідэалагічных аддзелаў выканкамаў – у асноўнай сваёй масе людзі сталага ўзросту.
Навучыць іх адбіваць атакі каварных маніпулятараў і выяўляць маніпулятыўныя матэрыялы ў лічбавым асяроддзі, значыць упусціць слана ў краму посуду.
Людзі дзесяцігоддзямі пісалі пра ўнясенне арганікі ў глебу і змагаліся з іншадумствам у аранжарэйных умовах поўнага кантролю над СМІ. Для таго, каб супрацьстаяць таму ж TikTok сіл у іх не хопіць.
Тым не менш:
- намеснік дырэктара «Магілёўскіх ведамасцей» Анатоль Метто распавёў пра ўказ №630 у рэдакцыі снежня 2024 года – «аб рэагаванні на грамадска значную інфармацыю». Гэта значыць даў інструкцыю, як дзяржаўным СМІ хутка гасіць любую нязручную тэму, якая ўсплыла ў недзяржаўных каналах;
- дырэктар абласной друкарні Дзмітрый Алямасаў распавёў пра «ўдасканаленне ўзаемадзеяння рэдакцый з друкарняй». Яму проста трэба было нешта сказаць на фоне падзення накладаў;
- галоўны спецыяліст ідэалагічнага ўпраўлення Лілія Дарашкова далажыла пра кадравае забеспячэнне – маладыя ў раёнкі не ідуць, старыя сыходзяць на пенсію.
Галоўная праблема раёнак у тым, што яны ваююць з тым, што бачаць іх уласныя чытачы. Жыхары Касцюковічаў ведаюць, што ў Саматэвічах радыяцыя, жыхары Магілёва ведаюць, што «Магілёўліфтмаш» у крызісе, жыхарам Крычава вядома, чаму моладзь з’язджае ў абласны цэнтр.
Чым адкажуць на гэта раёнкі, якія ўмеюць толькі:
- перадрукаваць прэс-рэліз выканкама даслоўна;
- закрыць праблему агульнымі словамі: «пры падтрымцы кіраўніцтва раёна пытанне знаходзіцца на кантролі»;
- ніколі не вяртацца да тэмы, калі папярэдні матэрыял аказаўся не адпаведным рэчаіснасці.
Самае ж смешнае, што галоўны куратар інфармацыйнай палітыкі Беларусі – Уладзімір Перцаў, цяпер першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі, правал раёнак прызнаваў яшчэ ў 2023 годзе. Даслоўна: «рэдакцыі раённых газет па розных прычынах не маглі наладзіць працу па належным дызайне, вёрстцы, па працы ў сацыяльных сетках, інтэрнэт-асяроддзі ў цэлым».
І што далей? Новы семінар, з якога рэдактары вернуцца ў Чавусы, Крычаў, Хоцімск і Касцюковічы. І будуць пісаць тое ж самае, што пісалі ўчора. Толькі цяпер з набытым веданнем. Нібыта чытачы смяюцца з іх не таму, што ім вешаюць лапшу, а таму што іх «зомбуюць» ворагі.
Фота “Магілёўскія ведамасці”.
