У Касцюковічах вырашылі адзначыць Дзень Перамогі нестандартна: сабраць роўна сто жанчын з імем Кацярына і хорам выканаць “Кацюшу”.
Флэшмоб з Кацюшамі прызначаны на сёмае мая, васямнаццаць гадзін, пляцоўка каля раённага цэнтра культуры.
Ідэя прыгожая, але ўзнікаюць пытанні практычнага характару. Першае: ці хопіць Кацюш. Касцюковіцкі раён – каля дзесяці тысяч жыхароў. Кацярынаў сярод іх, паводле статыстыкі, некалькі сотняў – так што ў тэорыі сто набярэцца.
Другое пытанне: ці будуць правяраць пашпарты на ўваходзе? Арганізатары пра гэта замоўчваюць, а значыць, тэарэтычна за “Кацюшу” можа праспяваць і якая-небудзь фіктыўная Людміла.
Трэцяе пытанне – музычнае. Хор са ста чалавек, сабраных паводле імя, а не голасу – суровае выпрабаванне для дырыжора.
Арганізатары, зрэшты, шчыра папярэджваюць: прафесійныя навыкі не абавязковыя, галоўнае – душа.
Фота раённай газеты.
