У Магілёве ад сённяшняга дня пачынаецца поўная ачыстка Пячэрскага вадасховішча. Некалькі гадоў таму для яго чысціні спецыяльна запускалі рыбу.
Акунуцца ў Пячэрскае вадасховішча сёлета не ўдасца. Там пачынаецца поўная ачыстка возера са злівам вады. Пра гэта піша тэлеграм-канал “Магілёў.Галоўнае”. Работы плануецца выконваць да восені.
Адметна, што пяць з паловай гадоў таму, у лістападзе 2020 года Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў зарыбіла вадасховішча з мэтай недапушчэння яго зарастання. У вадаём засялілі шчупака, карпа і белага амура. “Спрабуем ужо біялагічнымі спосабамі змагацца. Белы амур – гэта рыба, якая есць вышэйшую расліннасць. Адпаведна, гэта прыводзіць да памяншэння зарастання возера”, – казаў у той год намеснік начальніка Магілёўскай гарадской інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ігар Бародзька.
Біялагічнае абгрунтаванне зарыблення Пячэрскага возера прайшло дзяржаўную экалагічную экспертызу. Спецыялісты разлічвалі, што яно дазволіць не толькі правесці ачыстку вадаёма ад залішняй расліннасці, але і разнастаіць відавы склад рыбы, якая ў ім жыве.
Ці стане больш разнастайным відавы склад рыбы пасля зліва вады, напэўна, могуць сказаць толькі тыя ж самыя спецыялісты. З другога боку – навошта там тая рыба, якая не справілася з ўкладзенымі на яе абавязкамі па ачыстцы вадаёма, і цяпер яе працу мусяць выконваць людзі – вянцы тварэння.
Фотаздымак: ТГ “Магілёў.Галоўнае”