Сярэдні заробак у Краснапольскім раёне трэці з канца ў агульным спісе раёнаў з самымі малымі заработнымі платамі ў Беларусі.
Паводле даных Белстата, на якія спасылаецца banki24.by, у Краснапольскім раёне ў сярэднім зарабляюць 1993 рублі. Менш толькі ў Кармянскім на Гомельшчыне (1984 рублі) і ў Шаркаўшчынскім на Віцебшчыне (1952 рублі).
Сярод 27 раёнаў з сярэднім заробкам 2158 рублёў і менш Магілёўская вобласць прадстаўлена 11 раёнамі. Гэта больш за палову ўсіх негарадскіх раёнаў у рэгіёне, колькасць якіх складае 21 тэрытарыяльную адзінку.
Адметна, што сярод тых 27 раёнаў, няма ні аднаго з Мінскай і Брэсцкай абласцей. Гродзенская прадстаўлена толькі адным – Іўеўскім. Такім чынам большасць у гэтым пераліку – раёны Магілёўшчыны.
Сярэдні заробак у Беларусі ў сакавіку вырас да 2975,8 рубля – сума да выплаты падаткаў і іншых збораў.
Фотаздымак: “Зеркало”
