Выйшаў на волю былы намеснік старшыні Магілёўскага гарвыканкама па будаўніцтве і ЖКГ. Яму 49 гадоў. За кратамі ён правёў амаль пяць гадоў.
Гісторыя былога віцэ-мэра – тыповы выпадак помсты ўлады за паводзіны былога чыноўніка ў 2020-м.
Сядзеў Дудараў за тое, што ўзначаліў абласны штаб кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі. На той момант ён ужо пакінуў дзяржаўную службу.
Гэта быў самы высокапастаўлены адстаўны чыноўнік сярод рэгіянальных каардынатараў банкіра. Дударава затрымалі 11 чэрвеня 2020 года, у той жа дзень, калі сілавікі правялі вобшукі ў офісах Белгазпрамбанка.
Абвінавачванні знайшліся – з мінулага. Гэта класічны беларускі прыём. Называецца «крыміналка пад палітыку». Адкрыта саджаць за ўдзел у перадвыбарчай кампаніі – значыць прызнаваць палітычны пераслед.
Значна зручней знайсці ў біяграфіі нешта, што пры жаданні можна кваліфікаваць як злачынства. У любога чалавека, які прапрацаваў ва ўладзе дзесяць гадоў, такое знойдзецца.
Следства прыгадала Дудараву падзеі пачынаючы з 2008 года: нібыта Дудараў незаконна пераабсталяваў тэхнічны паверх у жылое памяшканне ў сваім доме, самавольна падключыўся да камунальных сетак, а будучы старшынёй жыллёвага кааператыва – без ведама членаў унёс змены ў праектную дакументацыю.
Шкода па ўсіх эпізодах сумарна – некалькі дзясяткаў тысяч рублёў. Для крымінальнай справы з прысудам 7,5 года ўзмоцненага рэжыму маштаб несувымерны. У нармальнай прававой сістэме гэта адміністрацыйная справа, максімум штраф і прадпісанне ліквідаваць парушэнне, калі яно сапраўды было.
Маркер нумар два – пакуль Дудараў працаваў у гарвыканкаме, ніякіх прэтэнзій не было. Як толькі ўзначаліў штаб Бабарыкі, адразу знайшліся грахі дванаццацігадовай даўніны.
У верасні 2021 года суд Чавускага раёна прыгаварыў яго да 7,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму па артыкулах пра злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі і махлярства.
Пакаранне Дудараў адбываў у ВК-2 у Бабруйску – калоніі, якая фігуруе ў шматлікіх сведчаннях пра жорсткае абыходжанне з палітвязнямі.
Падрабязнасці вызвалення – ці адбылося памілаванне, ці выйшаў датэрмінова – не ўдакладняюцца.
Фота БелТА.
