Праваабаронца: у магілёўскай турме мяне спрабавалі завербаваць

Аб спробе вярбоўкі і схіленні да стукацтва ў турме №4 Магілёва распавёў праваабаронца і былы палітвязень Валянцін Стэфановіч.

Паводле былога палітзняволенага, летась у чэрвені, калі ён знаходзіўся ў магілёўскай турме, яго выклікалі да супрацоўніка ГУБАЗіК.

«Ён спрабаваў мне давесці, як было б добра, калі б я пайшоў на дыялог з імі і расказаў бы пра Бяляцкага, пра валанцёраў, бо мне яшчэ шмат сядзець, а ўсіх вызваляюць. Падманваў мяне, маўляў, Лабковіча вызвалілі, а Бяляцкага ў шпіталь завезлі. Я, седзячы ўжо пяты год, разумеў, што гэта на тамтэйшай мове „мянтоўскі развод“. Весціся я на такое не збіраўся. Я паставіў сябе ў менш уразлівую пазіцыю і адказаў: „А што мне тут сядзець засталося – тры з паловай гады“» – успамінае Стэфановіч.

У адказ на гэта сілавік намякнуў, што Стэфановіч можа сядзець і даўжэй за гэты тэрмін. Аднак гэты прыём не спрацаваў – Валянцін пагадзіўся і на даўжэйшы, бо, кажа, ужо сапраўды прывык сядзець і гатовы да рознага. У выніку супрацоўнік не меў чым застрашваць праваабаронцу.

«Адзін зэк, з якім я сядзеў у крытай турме, даў мне параду: „Ты нічога не рабі такога, што потым будзе мучыць тваё сумленне“. Таму калі я пайшоў да ГУБАЗіКа і сказаў „не“, мне стала так лёгка на душы, як камень зваліўся. Навошта гэта трэба? Мне потым з гэтым цяжка жыць будзе» – успамінае Стэфановіч.

У той жа час былы палітвязень адзначае, што за адмову супрацоўнічаць з адміністрацыяй калоніі яна можа значна пагоршыць становішча чалавека за кратамі. Прыкладам, зрабіць правакацыю, каб перавесці чалавека ў «нізкі статус». Праваабаронца ўказвае, што паводле закону ўсякая супраца грамадзян Беларусі з спецслужбамі павінна адбывацца добраахвотна, «але на закон цяпер ніхто не зважае».

Фотаздымак: Праваабарончы цэнтр “Вясна”

← Усе навіны Магілёва