23 мая ў магілёўскай 188-й гвардзейскай інжынернай брыгадзе 230 навабранцаў прынялі прысягу.
Вось пра што яны заяўлялі:
- Нават думкі не было не пайсці.
- Кожны мужчына павінен стаць на абарону Радзімы.
- Хачу стаць больш узважаным і адказным.
- Кожнае слова адгукалася ў сэрцы.
- Кожная дзяўчына хоча бачыць побач сапраўднага мужчыну – сур’ёзнага, адказнага і рашучага.
- Быў хатнім хлопчыкам, а стаў сапраўдным мужчынам.
- Ёсць такая прафесія – Радзіму абараняць.
Яно-то – так. Раней студэнт-акулярык вучыў оптаметрычную табліцу на памяць – з асцярогі, што калі не сходзіць у армію, то дзяўчаты любіць не будуць – і трапляў у стройбат ужо з другога курса інстытута.
Цяпер моладзь стала значна разумнейшай. Яна задае сабе пытанне: навошта не армія, калі я вучуся на спецыяліста па нейралінгвістычным праграмаванні?
А сістэма дзяржаўнай рэкламы службы ў арміі так і засталася на ўзроўні фільма «Максім Перапеліца». Менавіта так і бачыць армію галоўны “абаронца” краіны Лукашэнка.
Са школьнай парты
У магілёўскай сярэдняй школе №12 адкрыўся ваенна-патрыятычны клуб «Брыгада» – створаны сумесна з той самай 188-й гвардзейскай інжынернай брыгадай, дзе сёння прымаюць прысягу. Курсанты ўжо ведаюць, куды пойдзе пасля школы: у БНТУ на ваенна-тэхнічны факультэт, а потым – вернуцца ў Магілёў і будуць служыць у 188-й.
Гэта не адзінкавы выпадак. У круглянскім дзіцячым садзе №3 для пяцігадовых дзяцей арганізавалі ваенна-патрыятычную групу «Юны патрыёт» – з формай колеру хакі і тэматычнымі тыднямі пра «ганаровы абавязак абараняць Радзіму».
У Клічаве школу №1 урачыста абвясцілі «Школай міру» – на фоне размяшчэння расійскай ваеннай інфраструктуры. А па ўсёй Магілёўшчыне школьнікаў і дзіцясадкоўцаў водзяць глядзець баявыя стрэльбы з гаўбіц і рэактыўных сістэм залпавага агню.
Да 2030 года плануецца адкрыць яшчэ 35 ваенна-патрыятычных клубаў. У 2026 годзе ствараецца Рэспубліканскі цэнтр ваенна-патрыятычнага выхавання.
А ў кагосьці думкі ўсё ж былі
Паводле даных на красавік 2025 года, следчымі Магілёўскага МАСК скончана вытворчасць па 8 крымінальных справах у дачыненні да асоб, якія ўхіліліся ад мерапрыемстваў па прызыве на ваенную службу.
Адзін з іх – 18-гадовы магілёвец. Увосень 2024 года ён атрымаў павестку на медагляд, не з’явіўся, быў аб’яўлены ў вышук.
Суд Ленінскага раёна прыгаварыў яго да года абмежавання свабоды, спагнаў працэсуальныя выдаткі ў 30 базавых велічынь, а тэлефон пакінуў пад арыштам.
З 3 сакавіка 2025 года штраф з пераліку пакаранняў за ўхіленне ад службы выключаны. Адкупіцца больш нельга.
Па ўсёй Беларусі толькі за першае паўгоддзе да крымінальнай адказнасці было прыцягнута каля 300 чалавек. Судзімасць ад арміі не вызваляе – пасля пагашэння тэрміну зноў выклічуць у ваенкамат.
Дзяржава працуе на два фронты: выхоўвае тых, у каго думак няма, і карае тых, у каго яны з’явіліся.
Фота “Беларусь Сегодня”.
