Быхаўская раённая газета паведамляе, што на сустрэчы з пісьменнікамі-землякамі
у раённым цэнтры культуры панавала асаблівая, неверагодна цёплая атмасфера.
Пісьменнікі Аляксандр Казека (на фота злева), Сяргей Украінка, Уладзімір Ясеў і Сяргей Данілаў зачыталі свае самыя вядомыя творы.
Гаварылі пра жыццё, натхненне і вечнасць з намеснікам старшыні райвыканкама Аляксандрам Саксоновым. Менавіта ён у мінулым фізрук і кандыдат у майстры спорту па плаванні адказвае цяпер за духоўнае развіццё Быхаўшчыны.
Вельмі паказальна, што на сустрэчы не прысутнічаў Мікалай Леўчанка – таксама вядомы і заслужаны пісьменнік.
У Быхаве, трэба адзначыць, стаўленне да пісьменнікаў неадназначнае. Напрыклад пра пісьменніка-быхаўчаніна Сяргея Антонава, чые кнігі выдадзены тыражом каля паўмільёна экзэмпляраў і перакладзены на пяць моў, паклапацілася мясцовае ўпраўленне КДБ.
У пратэстах 2020-га Антонаў не ўдзельнічаў, але пісаў у незалежных СМІ пра бардак у Быхаве. Сяргею давялося эміграваць і апошняе згадванне пра яго звязана з выставай у польскім прэзідэнцкім палацы – там гучалі новыя навелы Антонава.
Падобна, што і ў Мікалая Леўчанкі, некалі аблашчанага ўладай, цяпер адносіны з ёй не самыя лепшыя. Затое ў Аляксандра Казекі, у мінулым супрацоўніка КДБ, усё ў ажуры. Ён узначальвае супольнасць пісьменнікаў Магілёўшчыны.
Фота раённай газеты.
