За паўтара месяца да XXXIII Дня беларускага пісьменства, які пройдзе ў Касцюковічах 5-6 верасня, горад метадычна прыводзяць у парадны выгляд. На цэнтральнай плошчы каля райвыканкама ўкладваюць новую плітку. Неўзабаве тут з’явяцца фантан і скульптура «Алесь і Алеся» паводле матываў твора Аркадзя Куляшова.
Заканчваецца капітальны рамонт краязнаўчага музея, рыхтуецца новая экспазіцыя пра літаратараў-землякоў. Рэканструюецца Алея Герояў. Побач з ёй, каля самалёта Су-24М, збіраюць на адной пляцоўцы баявую тэхніку: танкі, БМП, артылерыйскія гарматы, якія раней стаялі каля музея.
Паралельна ідзе тое, што ў афіцыйных дакументах называецца «навядзеннем парадку на зямлі». Начальства кажа, што добраўпарадкаванне «не павінна насіць характар сезонных кампаній», але ўсё, што адбываецца ў Касцюковічах з восені 2025 года, калі Касцюковіцкі раён прыняў эстафету ад Ліды, і ёсць сезонная кампанія.
Мабілізаваныя «Магілёўаблдарбуд», «Магілёўаблводаканал», «Касцюковіцкі лясгас», «ПМК-90 Водбуд», Магілёўскае аддзяленне БЧ, чатыры сельскагаспадарчыя прадпрыемствы і УКВПП «Касцюковіцкі жылкамунгас». Работы вядуцца кропкава – на маршруце, па якім 5 верасня пройдуць госці, чыноўнікі і журналісты.
Асобнай увагі заслугоўвае тое, як за апошнія гады змяніўся змест самога свята. Фармальна Дзень беларускага пісьменства, які праводзіцца з 1994 года, прысвечаны беларускай мове, кнізе і культурнай пераемнасці.
Аднак намеснік міністра інфармацыі Дзяніс Язерскі, абвяшчаючы ў верасні 2025-га, што фестываль у 2026 годзе прыме Магілёўская вобласць, ахарактарызаваў Касцюковічы кароткай формулай: «цудоўны горад на мяжы з Расіяй».
Гэтая памежнасць з Расіяй – аказалася галоўнай характарыстыкай месца. Не тое, што тут нарадзіліся Куляшоў, Чыгрынаў і Пісьмянкоў. Не тое, што праз Касцюковіччыну праходзілі літаратурныя маршруты. А мяжа.
Сэнсавы шэраг дабудоўваецца сам сабой, калі чытаеш пра перанос вайсковай тэхнікі да Алеі Герояў. Каля краязнаўчага музея, які пазіцыянуецца як адна з галоўных пляцовак Дня беларускага пісьменства, цяпер стаіць зводная экспазіцыя баявой тэхнікі – самалёт Су-24М, танкі, БМП, артылерыя.
Фотазона каля музея пісьменнікаў – гэта бронетэхніка. У логіцы арганізатараў паміж літаратурай і танкам супярэчнасці няма. І гэта, імаверна, самае дакладнае, што сёння можна сказаць пра змест свята: яно канчаткова перастала быць пра кнігу і стала пра дэманстрацыю дзяржаўнай ідэнтычнасці, у якой вайсковая сімволіка і «яднанне з Расіяй» ідуць у адным пакеце з Куляшовым і Скарынай.
Фота афіцыйнага сайта Магілёўскага аблвыканкама.
