Дрыбінскаму раёну перададуць частку тэрыторыі Магілёўскага, Шклоўскага і Горацкага раёнаў.
Пра змену адміністрацыйных межаў унутры вобласці журналістам распавёў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка. Паводле яго, разам з тэрыторыямі Дрыбіну будуць перадавацца і прадпрыемствы, што на іх знаходзяцца.
У выніку ўзбуйнення Дрыбінскі раён атрымае да існуючых трох яшчэ тры сельгасгаспадаркі, і, паводле Ісачанкі, стане сярэднім па памерах і вытворчым патэнцыяле раёнам Магілёўшчыны.
Зараз плошча Дрыбінскага раёна 76,6 тыс.га. Ён з’яўляецца самым малым па тэрыторыі раёнам Беларусі. На 1 студзеня 2025 года ў ім пражывала 9 190 чалавек.
Гісторыя Дрыбінскага раёна – гэта гісторыя ўзнікненняў і скасаванняў. Першапачаткова Дрыбінскі раён быў утвораны як адміністрацыйная адзінка 17 ліпеня 1924 года ў складзе Аршанскай акругі Беларускай ССР. 8 ліпеня 1931 года яго скасавалі. 12 лютага 1935 года раён утвораны зноў. 20 лютага 1938 года ўключаны у склад Магілёўскай вобласці. А 16 верасня 1959 года яго зноў скасаваны.
29 снежня 1989 года Дрыбінскі раён зноў узнік на карце Магілёўскай вобласці ў сувязі з масавым перасяленнем жыхароў Краснапольскага раёна, тэрыторыя якога была забруджана радыёнуклідамі пасля Чарнобыльскай катастрофы.
Фотаздымак: Вікіпедыя
