Нямецкія боепрыпасы і амуніцыю часоў Першай Сусветнай вайны знайшлі на могілках у вёсцы Сельцы Глускага раёна.
Падзея адбылася 12 сакавіка на могілках у вёсцы Сельцы. Работнікі рытуальнай службы, капаючы магілу новага пахавання, заўважылі прадмет, падобны да ручной гранаты. Пра знаходку неадкладна паведамілі ў абасобленую групу Глускага раёна ваеннага камісарыята.
На месца былі выкліканыя сапёры з Бабруйска. Пасля абследавання тэрыторыі спецыялісты выявілі і дасталі з зямлі тры ручныя гранаты, сапёрную лапатку, а таксама асабістыя рэчы. Усе прадметы аказаліся нямецкай вытворчасці і датуюцца часамі Першай Сусветнай вайны.
Як адзначыў начальнік абасобленай групы ваеннага камісарыята Сяргей Корбут, дакладна ўстанавіць, каму належалі гэтыя рэчы, цяпер немагчыма. Аднак аналіз умоў мясцовасці дазваляе меркаваць, што на гэтым месцы магла знаходзіцца агнявая пазіцыя нямецкага вайскоўца таго перыяду.
Усе выяўленыя прадметы былі вывезены, а боепрыпасы знішчаны на спецыяльным палігоне.
Фотаздымак: glusk.by
