ярмарка

На Глушчыне адраджаюць вясковыя кірмашы

У вёсцы Поблін Глускага раёна ўжо чатыры гады спрабуюць адрадзіць свой кірмаш, які традыцыйна адбываўся на Усшэсце Гасподняе.

«Шмат дзесяцігоддзяў запар у вёсках Глускага раёна праходзілі кірмашы, прымеркаваныя да рэлігійных святаў. Слова “кірмаш” у беларускай мове азначае не толькі “рынак”, але і “свята”. У першай палове дня людзі звычайна ішлі ў царкву, а пасля заканчэння святочнай службы пачыналіся гулянні», – распавядаецца ў відэасюжэце тэлеграм-канала «Мястэчка Глуск».

Чатыры гады таму старадаўні кірмаш у Побліне пачалі адраджаць. Спачатку было толькі набажэнства на месцы вясковай царквы, а потым арганізавалі і гулянні. У мінулым годзе нават запрашалі артыстаў з Бярозаўкі.

Усшэсце заўсёды выпадае на чацвер. У будні дзень сабрацца ўсім складана, таму святкаванне звычайна пераносяць на суботу.

Як і заведзена, спачатку адбылася святочная служба на месцы, дзе калісьці стаяла вясковая царква. А потым усе селі за багата накрыты стол.

“На кірмаш збіраюцца вяскоўцы з розных гарадоў і вёсак, спецыяльна прыязджаюць былыя поблінцы, прыходзяць дачнікі. Усе на адзін вечар адкладаюць сваю працу, якой у гэты час звычайна вельмі шмат, і ідуць на кірмаш”, – гаворыцца ў сюжэце.

Сёлета людзей было менш, чым летась, але ўсё роўна сабраліся, гаманілі, успаміналі мінулае, радаваліся сустрэчы. І, канечне, самае галоўнае – што сустрэліся, сабраліся дружнаю грамадою, усе разам, як калісьці іх дзяды і прадзеды.

Скрыншот: ТГ “Мястэчка Глуск”

← Усе навіны Магілёва