Суд

Горацкі суд прызнаў “экстрэмісцкімі” сацсеткі міжнароднай праваабарончай арганізацыі

Старонкі ў Instagram, X i Facebook звязанага з Саветам Еўропы Міжнароднага таварыства правоў чалавека лічацца цяпер у Беларусі “экстрэмісцкімі”.

Рашэнне аб “экстрэмізме” гэтай праваабарончай арганізацыі Горацкі райсуд прыняў 10 сакавіка 2026 года, піша Праваабарончы цэнтр “Вясна”. Міжнароднае таварыства правоў чалавека (Internationale Gesellschaft für Menschenrechte / International Society for Human Rights) мае статус удзельніка пры Савеце Еўропы і з’яўляецца членам Камітэта па сувязях з няўрадавымі арганізацыямі пры Савеце Еўропы. Арганізацыя была заснавана ў Заходняй Германіі ў 1972 годзе.

Даведаўшыся пра прызнанне ў Горках “экстрэмісцкімі” сваіх сацсетак, Міжнароднае таварыства правоў чалавека заявіла, што не спужаецца гэтага статусу і працягне сваю працу па Беларусі.

“У Рэспубліцы Беларусь доўгі час кіруе дыктатар Лукашэнка, ужываючы жорсткую сілу і арыштоўваючы тысячы людзей па адвольных прычынах. Сотні тысяч беларусаў пакінулі краіну пасля сфальсіфікаваных выбараў 2020 года і наступных рэпрэсій, а тысячы былі асуджаныя да працяглых турэмных тэрмінаў унутры краіны. Мы салідарныя з мужнымі беларусамі, якія адстойваюць правы чалавека, свабоду сходаў, свабоду друку, плюралізм і свабоду выказвання меркаванняў» – заявілі міжнародныя праваабаронцы.

Фотаздымак: Праваабарончы цэнтр “Вясна”

← Усе навіны Магілёва