Беларуска-Расійскі ўніверсітэт (БРУ) будзе дапамагаць працоўнымі рукамі ААТ “Краснапольскі” – адзінаму сельгаспрадпрыемству ў раёне.
Як паведамляе сайт БРУ, прадстаўнікі гэтага вну наведалі гаспадарку і падпісалі дамову аб супрацоўніцтве. Паводле яе, супрацоўнікі і студэнты ўніверсітэта акажуць дапамогу прадпрыемству ў рамонце складаных вузлоў і дэталяў сельскагаспадарчай тэхнікі.
Як адзначае тэлеграм-канал Mayday, гэта даволі нетыповае шэфства, бо раней калгасы аддавалі ў падшэфныя да заможных, прыбытковых прадпрыемстваў. Тут жа шэфамі стала арганізацыя, якая сама існуе за кошт дзяржаўнага бюджэта.
Да таго ж, асноўны напрамак дзейнасці ААТ “Краснапольскі” – гэта вырошчванне і ўборка збожжавых і зернебабовых культур, што не мае нічога агульнага са спецыфікай БРУ.
Па ўсім відаць, што галоўнай прычынай такой дапамогі – элементарны недахоп кадраў ў “Краснапольскім”. Паводле яго даных, штогод на прадпрыемстве хуткімі тэмпамі скарачаецца колькасць працуючых. Так, на 1 студзеня 2023 года іх сярэднеспісачная лічба была 366, праз год – 316, а сёлета на 1 студзеня – 307.
Фотаздымак: БРУ