Тэорыя адноснасці: у Хоцімску, арыентуючыся на ўзрост Лукашэнкі, лічаць 70 гадоў другой маладосцю і ненавідзяць дэмакратычнасць TikTok.
Хоцімскі журналіст Аляксандр Ляйчынскі, які завіс у думках дзесьці ў раёне ХХVII з’езда КПСС, паразважаў “пра ўнутраныя органы ўспрымання знешняй рэчаіснасці”.
Самы час – Ляйчынскаму 67 гадоў, і ўспрымаць навакольную рэчаіснасць з дапамогай унутраных органаў становіцца ўсё цяжэй.
Таму Аляксандр Ляйчынскі лічыць, што:
- Савецкі Саюз прайграў капіталістычнаму лагеру ў вайне сэнсаў;
- ад сусветна вядомага палітыка і “дзеда” Зянона Пазняка пара хаваць запалкі;
- TikTok – прамы шлях да інфармацыйнага бясчынства;
- у Беларусі можа быць прынята рашэнне пра стварэнне кібервойскаў, а Лукашэнка падтрымлівае гэтую ідэю.
Ляйчынскі, з яго загартоўкай у школе савецкай журналістыкі, у шоку ад таго, што любы ахвотны можа зняць на тэлефон звычайную для Беларусі сельскую дарогу, традыцыйна складзеную з ям і лужын, а пасля выкласці гэта без адпаведнага рашэння сельвыканкама ў інтэрнэт.
Само сабой, больш за ўсё хоцімскага пенсіянера напружвае бесшабашнасць сучаснай моладзі, якая мае магчымасць паведаміць усяму свету, што вяртаецца дадому падпітай.
Усе свае надзеі Ляйчынскі звязвае з магутнымі кібервойскамі Беларусі, якія абавязкова здабудуць перамогу над TikTok і прымусяць папулярную сацсетку распавядаць праваслаўнаму народу пра такія цікавыя рэчы, як падняцце зябліва і тонкая наладка плугоў у Хоцімску.
Узрост, узрост і яшчэ раз узрост. Менавіта ён не дазваляе такім, як Ляйчынскі і Лукашэнка, зразумець, што вайна сэнсу і бессэнсоўя даўно скончылася не на карысць савецкіх наратываў. Таксама як і двубой праўладных прапагандыстаў з незалежнымі СМІ на тэрыторыі TikTok. Мы проста ўмеем падаваць інфармацыю хутчэй, якасней і цікавей, чым дзедаўскія кібервойскі.
Ну, а што да Зянона Пазняка, дык у свае 81 год ён выглядае значна лепш, чым 70-гадовы Аляксандр Лукашэнка, ад якога хутка і запалкі хаваць не спатрэбіцца, бо ён да іх самастойна ўжо не дабярэцца.