У Круглым трывожна – улады пачалі рыхтаваць насельніцтва да “прэзідэнцкіх выбараў” 2030 года.
Да 2030 года, як сцвярджаюць мясцовыя эксперты, яшчэ прорва часу. Але ў Круглым ужо чуваць глухі гул трывожных барабанаў: “беглыя” пачалі падрыхтоўку да “прэзідэнцкіх выбараў” загадзя. Відаць, настолькі загадзя, што гэтую падрыхтоўку пакуль, акрамя былога “беглага” Рамана Пратасевіча, ніхто не бачыў, але ў Круглым яе адчуваюць. І настолькі моцна адчуваюць, што нават забыліся пра чарговую элегантную перамогу ў нядаўна прайшоўшым 2025 годзе. Магчыма таму, што падзеі 2020-га мацней запалі ў памяць, чым леташнія дурыбары.
Сілавы сцэнарый 2020-га, як нагадваюць у Круглым, не спрацаваў. Праўда, аднак, у тым, што якраз спрацаваў – пратэсты былі задушаныя сіламі “красаўцаў”, якіх натхняў той самы з сінімі пальцамі і аўтаматам без ражка. У гэтым, пэўна, і была сіла і воля “нашага Главы дзяржавы – Аляксандра Лукашэнкі”, як адзначаецца ў круглянскім тэксце.
Расслабляцца круглянцам нельга, бо разлічваць, што “змагары” ціхенька прасядзяць пад плінтусамі аж да 2030-га, – гэта, як лічаць у Круглым, недапушчальная раскоша.
Таму заклік просты і гучны: не далі разваліць краіну ў 2020-м – не дамо і ў 2030-м. А значыць, рыхтавацца не даць разваліць краіну трэба ўжо сёння, каб за чатыры гады паспець.
Фотаздымак: БелТА