Тэхнічныя інспектары прафсаюзаў праверылі ахову працы на Краснапольшчыне. Вынікі – ні ў казцы сказаць, ні пяром апісаць.
Прафсаюзная рэйдавая група Магілёўскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў пабывала ў Краснапольскім раёне і праверыла ахову працы ў дзесяці арганізацыях.
Вось пералік «недахопаў»:
- інструкцыі састарэлі і часам не пераглядаліся па годзе, а то і па пяць гадоў;
- прафесія ў журнале адна, а насамрэч супрацоўнік працуе па іншай;
- у асабістых картках асобных радкоў проста няма.
Такія дробязі, як сродкі індывідуальнай абароны або зімовы абутак – паняцці і зусім абстрактныя.
Рэйдавая група зрабіла з убачанага дзіўныя высновы: грошай на ліквідацыю хібаў з аховай працы не патрабуецца, проста старшыням прафкамаў, інжынерам па ахове працы і грамадскім інспектарам трэба лепш працаваць.
Напрыканцы правяраючыя прыгразілі: выезды будуць працягнутыя, геаграфія – ўся вобласць.
Насамрэч гаворка ідзе не пра асобныя недахопы і нават не пра раён і не пра вобласць. Ахова працы – гэта татальны, усеагульны беларускі бардак.
Калі на буйных прадпрыемствах да інжынераў па ахове працы яшчэ прад’яўляюцца нейкія патрабаванні і супрацоўнікі гэтага звяна маюць камп’ютар і ўсталяваную на ім нятанную праграму АРМ інжынера па ахове працы, то ў занядбаных калгасах усе інструктажы зводзяцца да формулы: не сунь свой нос туды, куды сабака хвост не суе.
На пасады інжынераў прызначаюць або сваякоў, або першага, хто трапіцца пад руку, каб у выпадку, калі кагосьці раздрабніць у драбілцы, знайшоўся б казёл адпушчэння.
На такое элементарнае патрабаванне да гэтай катэгорыі спецыялістаў, як вышэйшая тэхнічная адукацыя, даўно наплявалі з самай высокай званніцы.
Уся надзея толькі на грамадскіх інспектараў, гэта значыць на грамадзян з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, пажадана
патрыётаў, а па магчымасці – членаў «Белай Русі».