Статкевіч: Асіповічы і Крычаў – цэлі верагоднага ядзернага ўдара ў адказ

Былы палітзняволены палітык Мікалай Статкевіч у сваім першым пасля вызвалення аналітычным артыкуле прадбачыць еўрапейскі ядзерны ўдар па Магілёўшчыне.

У артыкуле “Апакаліпсіс заўтра. Зона смерці на “болконе”, апублікаваным ў тэлеграм-канале Статкевіча, сярод іншага выказваецца жорсткая крытыка размяшчэння расійскай ядзернай зброі ў Беларусі. На яго думку, такая палітыка можа ператварыць краіну ў мішэнь для верагоднага ўдару NATO ў адказ на магчымыя дзеянні Масквы.

Статкевіч сцвярджае, што сама логіка размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі выклікае пытанні. Паводле яго, звычайна такія ўзбраенні размяшчаюцца ў гарантавана бяспечных месцах, а не ў непасрэднай блізкасці ад зоны баявых дзеянняў і не на тэрыторыі іншай дзяржавы. Асаблівую ўвагу палітык звяртае на тое, што Крэмль не прадугледжвае ніякага кантролю з боку Беларусі над гэтай зброяй, а заявы пра «сумеснае выкарыстанне» ён называе падманам або самападманам.

У артыкуле згадваюцца розныя віды ўзбраенняў, пра размяшчэнне якіх заяўлялася апошнім часам: авіяцыйныя ядзерныя боепрыпасы, ракеты сярэдняй дальнасці «Іскандэр», а таксама комплекс «Ярс», перароблены пад “Арэшнік”. Таксама, паводле адкрытых паведамленняў, будуецца сховішча для ядзерных боегаловак.

Статкевіч ставіць пад сумнеў ваенную мэтазгоднасць такіх крокаў. Ён адзначае, што Расія ўжо мае ядзерныя сістэмы ў Калінінградскай вобласці, а далёкасць дзеяння сучасных ракет дазваляе ім дасягаць мэтаў у Еўропе і без размяшчэння ў Беларусі. Разам з тым, на яго думку, перамяшчэнне боегаловак і носьбітаў у рэгіёне, набліжаным да зоны баявых дзеянняў, нясе дадатковыя рызыкі.

Палітык выказвае здагадку, што Беларусь можа разглядацца як пляцоўка для гіпатэтычнага першага ўдару па Еўропе. У такім выпадку, сцвярджае ён, адказ NATO можа быць скіраваны не па тэрыторыі Расіі, а па тэрыторыі, адкуль будуць запушчаныя ракеты. У якасці магчымых цэляў ён называе Асіповічы і Крычаў, дзе апошнім часам значна актывізаваліся працы па размяшчэнні расійскай зброі, а таксама іншыя аб’екты, звязаныя са стварэннем ядзернай інфраструктуры.

Статкевіч мяркуе, што ўдары ў адказ маглі б наносіцца магутнымі тэрмаядзернымі боегалоўкамі, што прывяло б да маштабных разбурэнняў і радыёактыўнага забруджання. Для параўнання ён узгадвае выбух у Хірасіме і падкрэслівае, што сучасныя зарады значна перавышаюць яго па магутнасці. На яго думку, нават некалькі такіх удараў маглі б мець катастрафічныя наступствы для краіны.

У тэксце гучыць і шырэйшая палітычная ацэнка. Статкевіч лічыць, што ў выпадку эскалацыі Беларусь можа быць выкарыстаная як «прынада» для ўдараў, каб мінімізаваць рызыкі для тэрыторыі Расіі. Ён крытычна выказваецца і адносна ступені суверэнітэту афіцыйнага Мінска, спасылаючыся на публічныя заявы беларускіх уладаў пасля пачатку расійскага ўварвання ва Украіну.

Завяршаючы артыкул, палітык заклікае беларусаў самастойна ўплываць на будучыню краіны і не спадзявацца на дзеянні дзяржавы. На яго думку, толькі грамадства можа прадухіліць сцэнар, які ён называе вар’яцкім і смяротна небяспечным для Беларусі.

Фотаздымак: pixabay.com

← Усе навіны Магілёва