Быхаўская і касцюковіцкая раённыя газеты апублікавалі матэрыялы пра свае бальніцы з ідэнтычнымі загалоўкамі. Супадзенне? Наўрад ці. Працуюць па шаблоне.
У пачатку гэтага года быхаўская раённая газета «Маяк Прыдняпроўя» апублікавала ўрачысты матэрыял пра тое, што медыцына ў раёне выйшла на новы ўзровень камфорту і тэхналогій.
Рэакцыя быхаўчан у TikTok аказалася настолькі бурнай, што аўтарам параднага тэксту давялося здымаць ролік у адказ, у якім быхаўчанак прымусілі хваліць бальніцу на камеру. Гэтым справа не скончылася
На гэтым тыдні «Голас Касцюкоўшчыны» адрапартаваў пра дасягненні раённай медыцыны практычна тымі ж словамі.

Гэта не супадзенне і не плагіят – гэта шаблон ў якім нават нічога не змяняюць.
Абласныя ідэолагі спусцілі раённым рэдакцыям адзіны фармат: падстаўце назву свайго раёна, пералічыце дасягненні і гатова. Не журналістыка, а запаўненне бланка. Прычым бланка з загадзя вядомым зместам: галоўны ўрач адрапартаваў, журналіст кіўнуў, чытач робіць высновы самастойна.
Што напісана ў касцюковіцкім «бланку»
Змест адпавядае жанру. Два апараты УГД. Папярэдні, паведамляецца між іншым, «праслужыў у бальніцы больш за 20 гадоў». Абсталяванне давялі да поўнага фізічнага зносу і цяпер называюць яго замену дасягненнем. У нармальна працуючай сістэме гэта норма, а не свята.
Велаэргометр для дыягностыкі сардэчных захворванняў куплены «дзякуючы спонсарскай дапамозе ПМК № 260» – будаўнічай арганізацыі. Дзве стаматалагічныя ўстаноўкі ў сельскія амбулаторыі – на грошы мясцовага аддзялення Белінвестбанка. Дзяржаўная ахова здароўя абапіраецца на дапамогу банка і будаўнікоў. І гэта лічыцца падставай для ўрачыстага артыкула.
А што ж са стаматолагам у Касцюковічах?
У матэрыяле пра «новы ўзровень камфорту» пра стаматалогію – ні слова. Між тым усяго чатыры месяцы таму тая ж газета сумленна апісала, як жыхары раёна не могуць трапіць да зубнога ўрача.
Журналістка правяла ўласнае расследаванне: у чацвер у 16.30 заняла чаргу ў стаматалогіі – была шостай. З 17.00 пачала тэлефанаваць, каб запісацца па тэлефоне. За 20 хвілін патэлефанавала восем разоў – безвынікова: то занята, то не адказваюць. Да 17.40 у жывой чарзе яна была васямнаццатай. Талона не хапіла.
Малады чалавек, які прыехаў з Мінска, два дні запар не мог узяць талон да хірурга-стаматолага. З’ехаў ні з чым – выдаляць зубы ў сталіцы за ўласныя грошы. У той жа чарзе стаяла намесніца старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях – асабіста, як звычайны жыхар.
Прычына простая: на ўвесь раён штодня выдаецца роўна 12 талонаў на тэлефонны запіс і жывую чаргу. Хірург-стаматолаг у дэкрэце, яго замяняе зубны фельчар. І гэтак далей.
Чатыры месяцы пазней
У лістападзе 2025 года тая ж газета сумленна піша, што трапіць да зубнога ў раёне – яшчэ той квэст. У сакавіку 2026 года яна ж распавядае пра «новы ўзровень камфорту». Дзве стаматалагічныя ўстаноўкі з’ехалі ў вёскі – гэта добра. Але ў раённым цэнтры па-ранейшаму 12 талонаў на ўвесь горад. Які ўжо там новы ўзровень. На старым бы ўтрымацца.
Трэба прызнаць, што і ў Касцюковічах, і ў Быхаве, як і ва ўсіх раённых цэнтрах Магілёўшчыны, праблемы з медыцынай ёсць. І яны не жартоўныя. Чаму б не распавядаць пра іх у нармальным, дзелавым тоне, які не выклікаў бы ў чытачоў ні смеху, ні жадання выказвацца нецэнзурна.
Аднак абласным ідэолагам напляваць на такія моманты або… Што больш верагодна – яны маюць вельмі смутнае ўяўленне пра журналістыку. Для іх гэта нешта кшталту “бітвы” за ўраджай або барацьбы з падзяжом жывёлы дэкрэтамі пра тое, каб жывёла не падала.
Ну і, у рэшце рэшт, адкуль аднолькавыя загалоўкі? Няўжо на шматлікіх нарадах “сенатар” з Касцюковіч Ірына Петрусевіч і аграном Кацярына Музычэнка нічому не вучаць сваіх меншых братоў-прапагандыстаў? Трэба ж як-небудзь дзяліцца досведам. Хай нават негатыўным.
Фота раённых газет.
