умный парк

У Магілёве плануюць стварыць “Разумны парк”

У Магілёве на тэрыторыях, якія належалі «Магілёўхімвалакну», можа з’явіцца новы прамысловы комплекс пад назвай «Разумны парк». 

Праект развіваюць у межах свабоднай эканамічнай зоны «Магілёў» і падаюць як прыклад перазагрузкі старой савецкай вытворчай інфраструктуры праз лічбавыя тэхналогіі, энергаэфектыўнасць і «разумнае» кіраванне.

Гаворка ідзе пра вялікую пляцоўку: вытворчы корпус плошчай каля 150 тыс.м2 і адміністрацыйны будынак на 7,8 тыс.м2. Паводле арганізатараў, былыя цэхі павінны ператварыцца ў сучасны інвестыцыйны парк для новых вытворчасцяў.

Адным з этапаў праекта з’яўляецца конкурс стартап-ідэй «Сучасны, разумны і эфектыўны прамысловы парк», які нядаўна прайшоў у адміністрацыі СЭЗ. У ім удзельнічалі прадстаўнікі бізнесу, студэнты і распрацоўшчыкі. Яны прапаноўвалі розныя рашэнні – ад «разумнай» лагістыкі да сістэм энергазберажэння і аўтаматызацыі вытворчасці.

Арганізатары асобна падкрэслівалі ўдзел універсітэтаў і моладзі, адзначаючы, што гэта дазваляе «паглядзець на прамысловую інфраструктуру пад новым вуглом». Пры гэтым важнай дэталлю конкурсу назвалі тое, што ўдзельнікі абаранялі праекты асабіста, а не анлайн, што, па меркаванні арганізатараў, дазволіла лепш данесці ідэі да экспертнай камісіі.

У выніку ўсе прадстаўленыя праекты прызналі «значнымі» і рэкамендавалі да рэалізацыі. Пераможцаў абяцаюць назваць 14 траўня 2026 года падчас эканамічнага форуму «Млын поспеху».

Фотаздымак: СЭЗ “Магілёў”

← Усе навіны Магілёва