7 мая жыхары аграгарадка Кадзіна пад Магілёвам знялі на відэа смерч. Сезон адкрыты – але метэаролагі адразу схапіліся за галаву: што менавіта гэта было?
Справа ў тым, што смерчы бываюць прынцыпова рознымі. І механізм іх нараджэння – супрацьлеглы.
Ландспаут нараджаецца знізу. Каля паверхні зямлі амаль заўсёды круцяцца слабыя віхуры – мы іх проста не заўважаем. Але калі над імі пачынае бурна расці кучава-дажджавое воблака, яго магутны ўзыходзячы паток падхоплівае гэтыя віхуры і выцягвае ўверх – як нітку з клубка.
Так і атрымліваецца смерч. Ніякай суперячэйкі, ніякага вялізнага шторму, які круціцца – проста збег абставін каля зямлі.
Мезацыкланальны тарнада – зусім іншая гісторыя. Ён нараджаецца зверху, унутры гіганцкай навальнічнай суперячэйкі, якая круціцца, і апускаецца ўніз ужо гатовай варонкай. Менавіта такія смерчы зносяць дамы і трапляюць у падручнікі.
Па відэа з Кадзіна вызначыць тып не атрымліваецца – вонкава яны могуць выглядаць аднолькава. А сінаптычная абстаноўка толькі падлівае масла ў агонь: у той вечар над Магілёўскай вобласцю абвастрыўся цёплы фронт, быў зрух ветру і патрэбная завіхранасць – умовы падыходзілі для абодвух сцэнарыяў.
Адказ дасць толькі доплераўскі радар. Калі кручэнне фіксавалася на вышыні яшчэ да дакранання да зямлі – гэта мезацыклон. Калі не – ландспаут.
Фота Метэавайб.
