У басейн санаторыя “Сосны” ў Магілёўскім раёне больш не падаецца мінеральная вада.
Пра адсутнасць мінеральнай вады ў басейне паведаміла 11 траўня 2026 года падпісчыца тэлеграм-канала “Вячэрні Магілёў” Таццяна, якая часцяком адпачывала ў “Соснах”. “Быў басейн з мінеральнай вадой. Вось прыехала, а такога задавальнення няма. Так, не падаецца мінеральная вада, нешта зламалася і, пагаворваюць, даўно ўжо. Пра рамонт гаворкі не вядзецца, ва ўсякім выпадку, мне невядома, хоць спрабавала ўдакладніць. Цяпер вада ў басейне звычайная” – піша жанчына.
Яна задаецца пытаннем, ці нельга адрамантаваць падачу мінеральнай вады, бо “гэтай фішкай вельмі прыцягвалі адпачываючых”.
Варта адзначыць, што сайт санаторыя “гэтай фішкай” і надалей прыцягвае адпачываючых. “На тэрыторыі санаторыя знаходзіцца дзве крыніцы мінеральнай вады. Мінеральная вада выкарыстоўваецца як для піцця пры лячэнні захворванняў страўнікава-кішачнага тракта, так і для мінеральных ваннаў і басейна”, – гаворыцца там. Пра нейкія праблемы з падачай мінеральнай вады для басейна інфармацыі на сайце “Соснаў” знайсці не ўдалося.
Фотаздымак: www.sosny-mogilev.by
