Аграмаш

“Бабруйскаграмаш” хочуць уключыць у холдынг сельгасмашынабудавання

Холдынг “Бабруйскаграмаш” плануюць зрабіць часткай холдынга сельскагаспадарчага машынабудаванння, стварэнне якога абмяркоўваецца ва ўрадзе.

Паводле паведамлення ва ўрадавым тэлеграм-канале, прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын правёў нараду па пытанні стварэння холдынгу сельскагаспадарчага машынабудавання. Мяркуецца, што ў яго ўвойдуць вядучыя прадпрыемствы галіны, а іх абʼяднанне дазволіць зарабляць больш. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал ураду Беларусі.

Акрамя «Кіруючай кампаніі холдынгу «Бабруйскаграмаш», у склад ствараемага холдынгу плануецца ўключыць «Кіруючую кампанію холдынгу «Лідсельмаш» і «Кіруючую кампанію холдынгу «Мінскі маторны завод». У складзе ўсіх трох суб’ектаў гаспадарання знаходзіцца 22 арганізацыі і 1 філіял.

У Савеце міністраў спадзяюцца, што стварэнне холдынгу дазволіць абʼяднаць усіх вытворцаў пад адным брэндам, у перспектыве павысіць пазнавальнасць тэхнікі на экспартных рынках, а таксама, улічваючы магчымасці канструктарскіх службаў прадпрыемстваў, выпускаць асобныя віды складанай высокапрадукцыйнай тэхнікі.

Пры гэтым не ва ўсіх кампаніяў, якія плануецца ўключыць у холдынг, справы ідуць добра. Як ужо паведамлялася, «Бабруйскаграмашу» не хапае людзей. Прадпрыемства папрасіла Мінпрамысловасці пазычыць яму працаўнікоў, інакш абваліцца экспарт.

Фотаздымак: Яндэкс.Карты

← Усе навіны Магілёва