45-гадовы ўраджэнец Магілёва Руслан Пархамовіч, адрацаваўшы на розных чыноўніцкіх пасадах у родным горадзе, адпраўлены кіраваць суседнім абласным цэнтрам.
Пархамовіч нарадзіўся ў Магіёве ў 1980 годзе. У 2002-ім скончыў “машынку” па спецыяльнасцях “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва”, “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт”, а ў 2011-м – Акадэмію кіравання па спецыяльнасці “Дзяржаўнае і мясцовае кіраванне”.
Тыповы наменклатуршчык пабыў дырэктарам Магілёўскага домабудаўнічага камбіната, а ўжо ў 2018 годзе прызначаны намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама. Гэтая пасада для яго на гэты момант стала апошняй у родным горадзе. У чэрвені 2020 стаў міністрам архітэктуры і будаўніцтва.
На галоўнай міністэрскай пасадзе Пархамовіч таксама не затрымаўся. Лукашэнка вызначыў для яго новы фронт работ – Гомельскую вобласць, і накіраваў яго ў сакавіку 2025 года туды сваім памочнікам – інспектарам па гэтым рэгіёне.
І вось цяпер Пархамовіч – гомельскі граданачальнік, старшыня Гомельскага гарвыканкама, якога Лукашэнка чамусьці называе мэрам. “Я вельмі спадзяюся, што з прыходам новага мэра Гомеля там усё пойдзе ў лепшы бок” – заявіў ён, пэўна, не ўсведамляючы, што мэр – гэта выбарная пасада.
Фотаздымак: “Гомельская праўда”
