Расійскія ядзерныя боегалоўкі захоўваюцца ў цэнтралізаваных сховішчах, адно з якіх хуткімі тэмпамі будавалася ў Беларусі каля Крычава, сцвярджае былы вайсковец Мікалай Статкевіч.
Былы палітвязень працягвае аналізаваць магчымыя варыянты развіцця падзей, звязаныя з расійска-ўкраінскай вайной і ўцягнутасцю ў яе Беларусі. Паводле яго, Масква зараз знаходзіцца ў тупіковай сітуацыі і гэта патрабуе ад яе новых падыходаў.
Мікалай Статкевіч разглядае тры варыянты, якія можа прымяніць Крэмль, каб пастпрабаваць пераламіць нядобрую для яго сітуацыю на сваю карысць.
1) Мабілізацыя. Але ва ўмовах росту тэхналагічнай перавагі Украіны на полі бою яна можа прывесьці толькі да рэзкага павелічэння баявых страт, незадаволенасці ў грамадстве, эміграцыі мужчын, росту выдаткаў на выплаты сем’ям загінулых, змяншэнню колькасці занятых у эканоміцы.
2) Пашырэнне лініі баявых сутыкненняў за кошт Беларусі. Паўтор аперацыі 2022 года пры адсутнасці фактару раптоўнасці і гатоўнасці ўкраінскага боку не атрымаецца.
Прымушэнне да ўдзелу ў вайне беларускага рэжыму вялікай карысці не прынясе, бо нават напад ўсіх 23 тысяч сухапутных войскаў Беларусі пры адсутнасці ў іх баявога досведу, навыкаў масавага баявога прымянення дронаў, ды і неабходнай колькасці саміх дронаў прывядзе толькі да знішчэння нафтаперапрацоўчых заводаў, бліжэйшых чыгуначных станцый ды блакавання маршрутаў забеспячэння групоўкі ўварвання. І ў выніку – да яе знішчэння. Шматлікія “спецназы” ўнутраных войскаў, навучаныя для разгону бяззбройных дэманстрантаў ды затрымання ўзброеных кухонным нажом п’яных зламыснікаў, толькі падвысяць лік баявых страт. Масавая ж мабілізацыя людзей, якія ў сваёй масе хочуць палітычных перамен, можа прывесці толькі да масавай здачы ў палон ці пераходу цэлых падраздзяленняў на супрацьлеглы бок, ці, нават, да ўзброеных мяцяжоў. Карацей, лепш і не спрабаваць.
3) Прымяненне тактычнай ядзернай зброі. Пагрозы гэтага ўжо прагучалі напярэдадні параду 9 траўня. “Не сумняюся – піша Статкевіч – што “дазвол” Зяленскага на парад 9 траўня расійскія генералы ўжо трактавалі свайму галоўнаму начальніку, як вымушаны страхам перад пагрозай ядзернай зброяй. Таму гэтыя пагрозы будуць працягвацца.” Найбольш эфектыўным відам такіх пагроз у Крамлі лічаць трэніроўкі па баявому прымяненню ядзернай зброі. Звычайна ядзерныя боегалоўкі ў расійскім войску, адрозна ад NATO, захоўваюцца ў цэнтралізаваных сховішчах, адно з якіх хуткімі тэмпамі будавалася ў Беларусі каля Крычава. Перад іх прымяненнем боегалоўкі калонамі закрытых грузавых аўтамабіляў пад аховай развозяцца да сродкаў іх прымянення – самалётаў ці ракет. Сама гэта дастаўка перыядычна трэніруецца. Але такія трэніроўкі маюць і іншы сэнс.
Вываз нечага з цэнтралізаваных сховішчаў адразу ж выяўляецца сродкамі касмічнай выведкі краін NATO. Адразу ж узнікае пытанне, што яны вывозяць – сапраўдныя боегалоўкі ці іх макеты. Усе ж разумеюць, што пачатак ядзернага нападу будзе замаскіраваны пад такую трэніроўку. Таму сама трэніроўка ўжо з’яўляецца пагрозай ядзерным нападам. Пасля пачатку расійска-украінскай вайны Пуцін неаднаразова аб’яўляў такія трэніроўкі ў маштабах усёй Расіі, каб напалохаць Захад і прымусіць яго спыніць падтрымку Украіны. Але ядзерная трэніроўка толькі ў Беларусі гэта пагроза, найперш, Еўропе. У першую чаргу, Украіне і суседнім краінам NATO.
Фотаздымак: Sputnik
