Магіляўчанка пазнаёмілася з мужчынай у інтэрнэце, адпраўляла яму чужыя фота і патрабавала грошы. Калі не спрацавала, на сувязь выйшаў «брат».
28-гадовая жыхарка Магілёва пазнаёмілася з мужчынай на сайце знаёмстваў. Размаўлялі выключна ў сетцы. Падчас перапіскі дзяўчына рэгулярна прасіла пераводзіць ёй грошы і першы час суразмоўца згаджаўся.
Калі ён адмовіўся плаціць “даніну” ў чарговы раз, тон змяніўся. Дзяўчына заявіла, што ён павінен «заплаціць» за фатаграфіі, якія яна яму адпраўляла. Фатаграфіі, як высветлілася пазней, былі спампаваныя з інтэрнэту.
Для большай пераканаўчасці пацярпеламу патэлефанаваў мужчына, які прадставіўся братам дзяўчыны. Магілёвец звярнуўся ў Ленінскі РАУС. Аператыўнікі ўстанавілі: ніякага брата няма. Тэлефанаваў раней судзімы сужыцель шантажысткі.
Распачата крымінальная справа аб вымагальніцтве.
Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.
