Прызначаныя “дэпутаты” актыўнічаюць па ўсёй Магілёўшчыне, але вялікага толку ад іх, мяркуючы па фактах, няма.
78-гадовы жыхар вёскі Давыдавічы Быхаўскага раёна прыехаў у Магілёў на прыём да старшыні абласнога савета “дэпутатаў” Аляксандра Гарошкіна . Па пытанні “тэхнічнага абслугоўвання водазаборнай калонкі і добраўпарадкавання тэрыторыі населенага пункта: абкосу травы ў месцы працы аўтамагазіна і калонкі”.
Пры гэтым у вёсцы Давыдавічы ўсё добра з прадстаўніцтвам. Грудзінаўская выбарчая акруга N 22 – гэта якраз Давыдавічы і некалькі суседніх вёсак. Там 652 выбаршчыкі і ёсць свой “дэпутат” раённага савета. Плюс “дэпутаты” сельскага савета. Плюс галоўны “дэпутат” Быхаўскага раёна Вячаслаў Сідарэнка, плюс цэлая “палата прадстаўнікоў”. Аж чатыры паверхі “народнага” прадстаўніцтва.
І пры ўсім гэтым 78-гадовы стары ідзе не да “дэпутата” ў сваёй вёсцы, не тэлефануе на прамую лінію старшыні Быхаўскага райвыканкама. Ён едзе ў Магілёў – да старшыні абласнога савета “дэпутатаў” Аляксандра Гарошкіна.
Гэта не капрыз і не няведанне сістэмы. Гэта – дакладны сацыяльны разлік чалавека, які, мяркуючы па ўзросце, праз усе ўзроўні ўжо прайшоў. Ён ведае, што маленькія “дэпутаты” выслухаюць, паабяцаюць і заб’юць болт. А вось калі трапіць да абласнога начальства – будзе вынік.
І ён аказаўся правы. Па выніках прыёму ў Гарошкіна прызначаны канкрэтныя тэрміны:
- калодзеж пачысцяць да 1 чэрвеня;
- калонку абслужаць да 15 чэрвеня;
- смецце з могілак вывезуць да канца мая.
Зрэшты, раённы “дэпутацкі” корпус у той дзень не сядзеў без справы. Старшыня Быхаўскага раённага савета “дэпутатаў” Вячаслаў Сідарэнка не толькі прысутнічаў на прыёме ў Гарошкіна, але і паспеў суправадзіць у аграгарадку Новы Быхаў “дэпутата палаты прадстаўнікоў” Аляксандру Міхеенку, якая ацэньвала пасевы рапсу, газіфікацыю, электрыфікацыю і спажыўкааперацыю.
Такім чынам пад кантролем усё: ад калонкі ў глухой вёсцы да плана ГОЭЛРО, у якім Міхеенка, Гарошкін і Сідарэнка, трэба меркаваць, разбіраюцца лепш за ўсё.
