дачны вор

У Мсціслаўскім раёне вяскоўцы самі затрымалі дачнага вора

Жыхар Горацкага раёна папаўся на крадзяжы, калі чарговы раз ускрыў пустуючую хату ў мясцовай вёсцы.

62-гадовы жыхар Горацкага раёна хадзіў па вёсцы ў пошуках таго, чым можна было б пажывіцца. Урэшце яго ўвагу прыцягнула дача, гаспадары якой нейкі час там не з’яўляліся. Мужчына выставіў аконную раму і залез у дом. Багатай здабычы там не аказалася, але, падобна, ён і не разлічваў на сямейныя каштоўнасці. З хаты зніклі алкаголь, закуска і цыгарэты. З гэтым няхітрым наборам злодзей і сышоў адзначаць удалы, як яму тады здавалася, паход. 

На адной дачы мужчына, паводле міліцыі, не спыніўся. Неўзабаве ён ужо прыглядаў сабе новую здабычу ў адным з населеных пунктаў суседняга Мсціслаўскага раёна. Але там схема дала збой. Мясцовыя жыхары заўважылі незнаёмца, які хадзіў па ўчастку дачнікаў, што нядаўна з’ехалі. Чакаць, пакуль госць выставіць чарговую аконную раму і праверыць запасы гаспадароў, вяскоўцы не сталі. Яны самі затрымалі мужчыну і перадалі яго міліцыі.

Адмаўляцца затрыманы не стаў. Паводле праваахоўнікаў, ён прызнаўся не толькі ў крадзяжы ў Горацкім раёне, але і яшчэ ў некалькіх падобных эпізодах. Узбуджаны крымінальныя справы.

Фотаздымак з адкрытых крыніц.

← Усе навіны Магілёва