Як вялікіх герояў сустракалі ў Бабруйску здымачную групу, якая прыехала здымаць прапагандысцкі фільм “Слова афіцэра”.
Паколькі серыял прадугледжаны як мастацкі фільм, то чакаць ад яго праўды не варта. Права на мастацкую выдумку мае кожны стваральнік уласнага твору. Для здымачнай групы “Слова афіцэра” такія выдумкі пачалася яшчэ на ўездзе ў Бабруйск.
Там аўтамабілі здымачнай групы «Беларусьфільма» спыніў экіпаж ДАІ. Але абышлося без праверкі дакументаў, патрабавання адкрыць багажнік ці іншых больш звыклых нагодаў для знаёмства з інспектарам. З машыны ДАІ дасталі каравай. Рэжысёра Агату Моцка сустрэлі хлебам-соллю і пажадалі творчых поспехаў.
Выканаўца галоўнай ролі расійскі акцёр Кірыл Кузняцоў таксама не чакаў такога сюрпрыза, адзначыўшы, што рады працаваць у карціне, якая распавядае пра беларускіх міліцыянтаў.
Серыял “Слова афіцэра” прымеркаваны да 110-годдзя беларускай міліцыі. Улічваючы юбілейную нагоду, а таксама заяўленую ў фільме гераізацыю міліцэйскай дынастыі і ўдзел у здымках дзеючых супрацоўнікаў МУС, становіцца зразумелым, які вобраз праваахоўных органаў ствараюць аўтары. А менавіта – далёкі ад рэальнасці, выдуманы наратыў адносна людзей, на чыіх руках кроў забітых у 2020-2021 гадах удзельнікаў народных пратэстаў, павальная хлусня ў пратаколах і судах, здзекі і катаванні ў ІЧУ і пастарунках.
Сыходзячы з вышэйзгаданага, невыпадковай бачыцца і група акцёраў, задзейнічаных у фільме. Як ужо паведамлялася, у фільме здымаюцца як беларускія, так і расійскія акцёры. У прыватнасці, Уладзімір Гасцюхін, які ў сакавіку 2022 года падпісаў зварот у падтрымку ўварвання Расіі ва Украіну. У СМІ заўсёды выступаў у падтрымку беларускага дыктатара.
Узгаданы Кірыл Кузняцоў прытрымліваецца адкрытай праўладнай пазіцыі, падтрымлівае расійска-ўкраінскую вайну.
Фотаздымак: ТГ “Милиция Беларуси. Мы – НА СТРАЖЕ”
