Сычкова

У вёсцы пад Бабруйскам ствараюць музей вайсковай тэхнікі

Мілітарызацыя свядомасці ўсё глыбей пранікае паўсюдна – экспазіцыю вайсковай тэхнікі пад адкрытым небам пачалі ствараць у вёсцы Сычкова Бабруйскага раёна.

“Праект закліканы не толькі ўвекавечыць ратную славу, але і стварыць новую, інтэрактыўную кропку прыцягнення для мясцовых жыхароў і гасцей раёна”, – распісвае ствараемую экспазіцыю бабруйская раёнка “Трыбуна працы”. Да мемарыяльнага комплекса “Курган славы”, які вядзе сваю гісторыю ад 1967 года, ужо пастаўлены першы экспанат – аўтаматычная зенітная гармата ўзору 1939 года (АЗП-39). У хуткім часе абяцаюць паставіць бронетранспарцёр БТР-60П.

“У перспектыве экспазіцыя папоўніцца і іншай тэхнікай, якая будзе экспанавацца на спецыяльна абсталяванай пляцоўцы, дзе кожны жадаючы зможа зблізку азнаёміцца з узорамі, даведацца іх гісторыю і зрабіць памятныя фатаграфіі”, – піша “Трыбуна працы”.

Варта заўважыць, што памяць аб падзеях нямецка-савецкай вайны ў вёсцы Сычкова і без таго захоўваюць на найвышэйшым ўзроўні. Акрамя згаданага “Кургана славы”, там таксама размешчаны ДЗОТ-помнік, збудаваны ў памяць паўтарэння подзвігу Аляксандра Матросава камандзірам стралковага аддзялення ст.сяржантам М.Г.Селязнёвым. Яго імем названы школа, парк і цэнтральная вуліца вёскі. Герой пахаваны ў брацкай магіле, у якой спачываюць астанкі яшчэ 231 воіна. 

Мала якая вёска ў Беларусі можа пахваліцца такой калекцыяй помнікаў і мемарыяльных месцаў, як Сычкова. Ствараецца ўражанне, што акрамя мінулай вайны ў вёсцы больш нічога адметнага і не было, і ўся яе гісторыя – гэта тая вайна.

А між іншым менавіта ў Сычкове ў 1808 годзе нарадзіўся класік беларускай літаратуры, пісьменнік і драматург Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Аднак інфармацыю пра яго можна знайсці толькі са сціплай мемарыяльнай шыльды на сцяне размешчанага у вёсцы Бабруйскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея. 

Фотаздымак: www.tribunapracy.by

← Усе навіны Магілёва