ельнік

На Магілёўшчыне высадзяць 40 гектараў новага лесу – а ўсохлых ельнікаў на ўліку 2,8 тысячы гектараў

Лясгасы Магілёўскай вобласці далі старт акцыі «Дай лесу новае жыццё!», якая працягнецца да 24 кастрычніка. 

За тыдзень плануюць стварыць каля 40 гектараў новага лесу на месцы бураломаў і загінулых ельнікаў і яшчэ 200 гектараў дапаўненняў – падсадак ва ўжо існуючых лясных культурах. Усяго ў зямлю павінна пайсці больш за 317 тысяч сеянцаў і саджанцаў. 

Напярэдадні старту намесніца кіраўніка Магілёўскага ДВЛГА па ідэалагічнай рабоце Ірына Цысельская расказала БелТА, што толькі ўсохлых яловых насаджэнняў у вобласці пастаўлена на ўлік 2,8 тысячы гектараў, частку з іх ужо высеклі. Тады ж яна называла каля 100 гектараў новых лясных культур на час акцыі – у аб’яве пра старт засталося 40. 

Нават сотня гектараў – менш за чатыры працэнты плошчы загінулага ельніку, 40 гектараў – менш за паўтара. 

У першы дзень Чавускі лясгас адсправаздачыўся пра 2,9 гектара, закладзеныя «ў гонар Года беларускай жанчыны», і паводле традыцыі паставіў на месцы пасадкі памятную таблічку. 

У Хоцімскім раёне на пасадку выйшаў кіраўнік раёна Аляксандр Дзівакоў разам з намеснікамі старшыні райвыканкама, загадчыкамі аддзелаў, спецыялістамі і «дэпутацкім корпусам». 

Па выніках дня лясное аб’яднанне налічыла больш за 800 удзельнікаў па ўсёй вобласці і само пералічыла, хто яны: школьнікі, навучэнцы, студэнты, работнікі прадпрыемстваў, супрацоўнікі дзяржорганаў. На фотаздымках з месцаў падзей – пастраенні са сцягамі і банерамі арганізацый, дзеці з вёдрамі саджанцаў. 

Акцыя абвешчана добраахвотнай, але выходзяць на яе калектывамі – школамі, прадпрыемствамі, ведамствамі, а ў Хоцімску амаль усёй раённай вертыкаллю.

Фота Лесные новости Могилевщины.

← Усе навіны Магілёва