Заснавальнік аўстралійскай кампаніі Kogan.com Руслан Коган, ураджэнец Бабруйска, прапанаваў акцыянерам перавесці сябе на мінімальны заробак. А галоўная мэта – атрымаць больш кантролю над уласнай кампаніяй.
Цяпер генеральны дырэктар атрымлівае 847 838 аўстралійскіх долараў на год, а будзе атрымліваць устаноўлены ў краіне мінімум – каля 50 тысяч. Гэтыя грошы ён абяцае аддаваць на дабрачыннасць, прэмій па выніках года ў новай схеме няма ўвогуле.
Галоўная частка ўзнагароджання – 6 740 331 права на акцыі кампаніі. Атрымаць іх Коган зможа толькі ў адным выпадку: калі за пяць гадоў сукупная даходнасць для акцыянераў дасягне 100 працэнтаў ад базавай цаны 3,72 аўстралійскага долара за акцыю, гэта значыць папера падаражэе прыкладна да 7,44.
Частковых выплат не прадугледжана – альбо ўсё, альбо нічога. Пры падваенні пакет будзе каштаваць каля 50 мільёнаў аўстралійскіх долараў, гэта прыкладна 35 мільёнаў амерыканскіх.
Пачынае Коган з адставаннем. Базавую цану разлічвалі паводле сярэдняй за дзесяць гандлёвых дзён пасля гадавой справаздачы, а 4 верасня, напярэдадні абвяшчэння схемы, акцыі закрыліся на адзнацы 3,40. Праз некалькі дзён яны гандляваліся па 3,35 – яшчэ далей ад зыходнага пункта.
Савет дырэктараў тлумачыць новую схему тым, што прыслухаўся да акцыянераў: тыя патрабавалі жорсткіх умоў і празрыстай сувязі паміж узнагароджаннем кіраўніцтва і ўласным даходам.
Прэтэнзіі даўнія. У 2020 годзе акцыянеры з цяжкасцю пагадзіліся выдаць апцыёны Когану і фінансаваму дырэктару Дэвіду Шаферу – супраць прагаласавалі амаль 44 працэнты. Сам Коган атрымаў тады 3,6 мільёна апцыёнаў.
Рашэнне прымуць на пазачарговым сходзе 22 кастрычніка ў Мельбурне. Когану разам са звязанымі структурамі належыць каля 17,7 працэнта галасоў, але па пытанні аб уласным заробку галасаваць ён не мае права.
Сям’я Коганаў з’ехала з Бабруйска ў чэрвені 1989 года, Руслану было шэсць гадоў. У Мельбурн прыехалі з 90 доларамі: бацька-інжынер развозіў піцу і гандляваў на рынку, маці з медыцынскай адукацыяй прыбірала кавярні.
Kogan.com Руслан адкрыў у 2006 годзе ў бацькоўскім гаражы, пачаўшы з дзвюх мадэляў тэлевізараў. Зараз гэта вядучая аўстралійская кампанія ў сферы электроннай камерцыі, пабудаваная па прынцыпе “толькі анлайн”– што дазваляе ёй зніжаць кошт тавараў.
Звычку лічыць кожны долар бізнесмен захаваў дагэтуль. Нядаўна ён сам мыў рэчы ў гасцінічнай ванне і патлумачыў, што не можа прымусіць сябе заплаціць 20 долараў за мыццё футболкі, якая каштуе 10. Гасцінічную пральню Коган палічыў пераплатай. Свой заробак – таксама.
Фота Wikimedia Commons.
