Замест звычайнай абрэзкі дрэў адно з бабруйскіх прадпрыемстваў фактычна пазбавіла пяць белых вербаў верхняй часткі ствалоў і кронаў. Цяпер прадпрыемству пагражае адміністрацыйная адказнасць, а нанесеную прыродзе шкоду ацанілі ў 3150 рублёў.
Парушэнне выявілі падчас сумеснай праверкі Бабруйскай гаррайінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і гарадской пракуратуры, паведамляе «Коммерческий курьер».
Высветлілася, што падчас работ па доглядзе зялёных насаджэнняў адно з мясцовых прадпрыемстваў выкарыстала метад, вядомы як топінг, або абрэзка «на слуп». У пяці белых вербаў былі выдаленыя верхнія часткі ствалоў разам з кронамі.
Такі спосаб абрэзкі катэгарычна забаронены правіламі ўтрымання азелянёных тэрыторый.
Спецыялісты тлумачаць, што пасля выдалення кроны дрэва рэзка слабее. Парушаюцца працэсы фотасінтэзу, павялічваецца ўразлівасць да хвароб і шкоднікаў. У выніку такая «стрыжка» можа скончыцца гібеллю дрэва.
Нанесеную навакольнаму асяроддзю шкоду інспекцыя ацаніла ў 3150 рублёў.
У дачыненні да юрыдычнай асобы распачаты адміністрацыйны працэс паводле часткі 3 артыкула 16.17 КаАП Беларусі.
Назва прадпрыемства, якое праводзіла абрэзку, не паведамляецца.
Крыніца фота: «Коммерческий курьер»
