хакер

У Магілёве суд разгледзіць справу 21-гадовага хакера

Малады чалавек, які збіраў інфармацыю са смартфонаў грамадзян праз распаўсюд шкодных праграм, прадстане перад судом.

Замест відэароліка – вірус

Па цяперашняй модзе сілавікоў у Беларусі, замежніка, калі ён з Расіі, расіянінам не называюць. Звычайна пішуць – замежны грамадзянін. Так і ў гэтым выпадку, калі ў іх поле зроку трапіў 21-гадовы малады чалавек. Паводле абвінавачвання, ён знаходзіў у інтэрнэце шкодныя праграмы, здольныя атрымліваць доступ да інфармацыі на мабільных прыладах.

Яго цікавілі ў тым ліку звесткі з банкаўскіх і іншых мабільных праграм, якія маглі дапамагчы завалодаць чужымі зберажэннямі. Каб карыстальнікі не западозрылі падману, малады чалавек маскіраваў вірусы пад відэазапісы з афіцыйнай праграмы «VK Відэа».

Для такіх файлаў ён прыдумляў назвы, якія павінны былі зацікавіць атрымальнікаў і прымусіць іх адкрыць дасланае паведамленне. Пасля гэтага падробленыя «відэаролікі» распаўсюджваліся праз папулярныя месенджары з дапамогай спецыяльных ботаў.

У сваёй дзейнасці абвінавачаны выкарыстоўваў як уласную, так і арандаваную камп’ютарную тэхніку.

Тры смартфоны

Паводле матэрыялаў справы, шкодныя праграмы трапілі на тэлефоны трох жыхароў Брэсцкай і Гомельскай абласцей. У выніку малады чалавек атрымаў доступ да інфармацыі, якая захоўвалася на іх прыладах, без ведама і згоды ўладальнікаў.

Пры гэтым адзін з заражаных смартфонаў быў выкарыстаны для спробы далейшага распаўсюду віруса. З яго спрабавалі адправіць аналагічнае паведамленне іншым абанентам.

Такім чынам, шкодная праграма не толькі дазваляла атрымліваць чужыя звесткі, але і магла выкарыстоўваць заражаную прыладу для пошуку новых ахвяр.

Ці ўдалося абвінавачанаму атрымаць грошы з чужых рахункаў, пракуратура не паведамляе.

Тры артыкулы

Дзеянні 21-гадовага мужчыны кваліфікавалі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса Беларусі: выкарыстанне і распаўсюд шкодных камп’ютарных праграм; несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі, які пацягнуў істотную шкоду; незаконнае капіраванне камп’ютарнай інфармацыі з прычыненнем істотнай шкоды.

Паводле абвінавачання, частка гэтых дзеянняў здзяйснялася групай асоб паводле папярэдняй змовы. Аднак колькі чалавек маглі ўдзельнічаць у схеме, у паведамленні не ўдакладняецца. Пракуратура палічыла сабраныя следствам доказы дастатковымі для перадачы справы ў суд.

Абвінавачаны знаходзіцца пад вартай. Пры накіраванні матэрыялаў у суд меру стрымання яму не змянілі. Цяпер суду трэба будзе вызначыць, ці сапраўды за паведамленнямі з прывабнымі назвамі відэаролікаў стаяла спроба атрымаць доступ да чужых смартфонаў і банкаўскіх звестак.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

← Усе навіны Магілёва