Круглае

У Круглым мілітарызм прышчапляюць з дзіцячага садка

У круглянскім дзіцячым садку №3 для пяцігадовых дзяцей арганізавалі так званую ваенна-патрыятычную групу.

Для новастворанай групы “Юны патрыёт” спецыялна закупілі форму колеру хакі і распрацавалі план працы па “ваенна-патрыятычным выхаванні”, якое, натуральна, будуецца на вайсковай тэматыцы. Пра гэта піша Mayday.

У межах падрыхтоўкі да 23 лютага ў садку правялі цэлы «тэматычны тыдзень», падчас якога маленькім выхаванцам распавядалі пра «ганаровы абавязак абараняць Радзіму» і знаёмілі іх з рознымі родамі войскаў. Такія заняткі фактычна ўводзяць дзяцей у вайсковы дыскурс яшчэ да школы.

План работы групы на год таксама цалкам прывязаны да дзяржаўных і ідэалагічных дат. Сярод запланаваных мерапрыемстваў – святкаванне Дня народнага адзінства, Дня Канстытуцыі, Дня дзяржаўных сімвалаў і Дня Перамогі. Праз гэтыя падзеі выхаванцам прапануюць успрымаць вайсковую тэматыку як важную частку грамадзянскай ідэнтычнасці.

Гэта не першы выпадак мілітарызацыі свядомасці дашкольнікаў. У траўні мінулага года там правялі «Зарніцу» – ваенізаваную гульню для дзяцей, прысвечаную Дню Перамогі. Тады ў ваенную форму апранулі нават выхавальніц.

У выніку ў садку фактычна з’явілася структура, падобная да ваенна-патрыятычнага клуба, але для дзяцей дашкольнага ўзросту. Такія практыкі выклікаюць крытыку праваабаронцаў, якія лічаць, што ранняе ўцягванне дзяцей у мілітарысцкую рыторыку можа ўплываць на фармаванне іх светаўспрымання.

Паводле міжнародных стандартаў у галіне правоў дзіцяці, у тым ліку Канвенцыі ААН аб правах дзіцяці, дзяржава павінна забяспечваць развіццё асобы і ідэнтычнасці дзіцяці без ідэалагічнага ціску. Асабліва адчувальнымі да такога ўздзеяння з’яўляюцца падлеткі ва ўзросце ад 11 да 17 гадоў, калі фармуецца асоба. Аднак у Круглым падобныя ідэалагічныя практыкі пачынаюць ужываць ужо да пяцігадовых дзяцей.

Фотаздымак: Mayday

← Усе навіны Магілёва