1517 год. Пачатак Рэфармацыі, лютэранства.
Марцін Лютэр прымацаваў 95 тэзісаў на дзвярах сабора ў нямецкім Вітэнбергу.
Магілёў і Вітэнберг (Лютэрштат) маюць статус пабрацімаў і падтрымліваюць шчыльныя неафіцыйныя культурныя адносіны.
Марцін Лютэр (1483-1546), былы каталіцкі святар, прафесар багаслоўя. Выступіў супраць продажу індульгенцый, аспрэчваў правы Папы Рымскага, навучаў, што Біблія – адзіная крыніца абсалютных ведаў, выступаў супраць забароны на шлюб святарам, за танную народную царкву, за яе сціпласць.
Пераклаў Біблію на нямецкую мову, што зрабіла Святое Пісанне больш даступным шырокім саслоўям, што аказала велізарны ўплыў на царкву і нямецкую культуру.
Першая лютэранская царква ў Беларусі заснавана ў Брэсце ў 1553 годзе.
У Магілёве лютэранская кірха была пабудаваная ў 1780 годзе і разбурана ў 1930-х. Зараз на яе месцы сквер на скрыжаванні вуліцы Ленінскай і завулка Мігая каля 16-й школы.

1885 год. Нарадзіўся Міхайла Грамыка.
Беларускі географ, геолаг, пісьменнік, вязень ГУЛАГу. Даследчык радовішчаў нафты.
Выхаванец Магілёўскай гімназіі.
Распрацоўшчык беларускай тэрміналогіі па геаграфіі, геалогіі, хіміі, падручнікаў «Пачатковая геаграфія», «Уводзіны ў навуку аб неарганічнай прыродзе».
Аўтар кніг паэзіі, п’ес, якія ставіліся ў тэатрах. Аўтар успамінаў пра Я. Купалу, Я. Коласа, А. Грыневіча.

1992 год. Памёр ураджэнец Мсціслава Міхась Ткачоў.
Беларускі гісторык, археолаг, грамадскі дзеяч. Доктар гістарычных навук, прафесар.
Загадчык рэдакцыі гісторыі, галоўны рэдактар выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі.
Ініцыятар стварэння энцыклапедыі «Археалогія і нумізматыка Беларусі», «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі».
Вывучаў ваенна-абарончае дойлідства, матэрыяльную культуру і архітэктуру гарадоў Беларусі XI-XVIII стагоддзяў.
Адзін з аўтараў кніг «Нарысы па археалогіі Беларусі», «Гісторыя беларускага мастацтва».
Першым прасачыў генезіс, эвалюцыю і этапы развіцця замкаў і абарончых сістэм населеных пунктаў, а таксама арганізацыю абароны беларускіх гарадоў.
У яго памяць у Гродна і Мсціславе ўсталяваны мемарыяльныя шыльды.

 
			