Тры гады зняволення з адтэрміноўкай на два гады атрымаў былы дырэктар сельгаспрадпрыемства, які браў хабар ад будаўнікоў за сваёчасовую аплату іх працы.
Як высветліў Шклоўскі суд, будаўнічая брыгада летам гэтага года фарбавала малочна-таварныя комплексы на гэтым сельгаспрадпрыемстве. Па ўсім відаць, што атрымаць сумленна заробленыя грошы на Шклоўшчыне не так проста, раз людзі гатовыя за гэта нават даваць хабар. Таму яны дамовіліся з дырэктарам на тое, што ён будзе своечасова выплочваць заробак па дамове аб аказанні паслуг, і за гэта сам атрымае грошы. Грошы ад будаўнікоў ён атрымаў двойчы – ў чэрвені 1000 рублёў і ў жніўні 2000 рублёў.
У рэшце рэшт звесткі аб хабарніку дайшлі да праваахоўных органаў, а потым і да суда. Гэты суд прызнаў былога ўжо дырэктара вінаватым у атрыманні хабару. Абвінавачаны сваёй віны не ўкрываў, прызнаўся ў злачынстве і аддаў усе незаконна атрыманыя грошы дзяржаве.
У выніку суд у Шклове прысудзіў яму тры гады калоніі са штрафам у 12 600 рублёў і пяцігадовай забаронай займаць кіруючыя пасады. Пазбаўленне волі па прысудзе адтэрмінавана на два гады. Вырак пакуль не ўступіў у законную сілу.
Фотаздымак з адкрытых крыніц