Прадукцыя “Магілёўліфтмаша” можа не толькі перавозіць людзей з паверха на паверх, але і стымулюе развіццё кемлівасці з самага дзяцінства.
Тэлеграм-канал “Могилев. Главное!” падзяліўся гісторыяй здзіўлення дзяўчыны, якая пасля адкрыцця створак выкліканага ліфта ўбачыла ў ім дзве цагліны. “Навалили кирпичей” – з непрыхаванай непрыязнасцю да невядомых, якія засмецілі ліфт, выказалася яна.
Аднак, як распавялі мясцовыя жыхары, цагліны там знаходзіліся не па чыімсьці глупым жарце, а выконвалі важную функцыю. “Без цэглы дзеці не могуць паехаць. Ліфт проста не бачыць маленькую вагу і не рухаецца!” – патлумачылі дасведчаныя людзі.
Паколькі ў жылых дамах Магілёва ніякіх іншых ліфтоў, акрамя вырабленых на заводзе “Магілёўліфтмаш” проста быць не можа, бо ён, як адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў горада, не дапусціць сюды ніякіх канкурэнтаў, то вызначыць вытворцу такой цудоўнай прадукцыі праблемы не складае.
Здаецца, горшай антырэкламы, чым тая, што прадстаўлена на здымку, для вырабаў магілёўскіх ліфтабудаўнікоў знайсці цяжка. Можна толькі паспрабаваць знайсці тлумачэнне, чаму ліфты “Магілёўліфтмаша” не “бачаць” малых дзяцей. Магчыма, такім чынам спрабуюць перашкодзіць дзецям катацца на ліфтах? Дык з цэглай лёгка абыйсці такую перашкоду.
Такім чынам, каб праехаць у магілёўскім ліфце недастаткова націснуць кнопку – трэба яшчэ мець адпаведную (якую?) вагу. Як калісьці казалі – тэхніка на мяжы фантастыкі.
Фотаздымак: ТГ “Могилев. Главное!”