У пяці раёнах Магілёўшчыны былі аплачаны работы, якія не выконваліся.
Магілёўшчына, як заўсёды, на сваёй хвалі. Улады рапартуюць пра работы, якія і не думаюць выконваць, бяруць пад іх грошы з бюджэту, а потым Камітэт дзяржаўнага кантролю ўстанаўлівае, што выяўлены парушэнні.
Кантралёры КДК Магілёўскай вобласці праверылі тое, як у пяці раёнах рэгіёна выконваецца даручэнне Лукашэнкі па зносе невыкарыстоўваемых аб’ектаў сельгасарганізацый, і ўстанавілі, што пры зносе 35 невыкарыстоўваемых будынкаў за кошт бюджэту былі аплачаны работы, якія не выконваліся. Такім чынам «было выдаткавана» больш за 250 тысяч бюджэтных рублёў.
Акрамя таго, выяўлены выпадкі, калі з-за невывезеных будаўнічых адходаў вызваленыя землі не рэкультываваліся і не ўцягваліся ў гаспадарчы абарот.
Грашовыя сродкі ў поўным аб’ёме вернуты ў бюджэт, участкі вызвалены ад будаўнічага смецця.
І на гэтым чарговая гісторыя з спробай «распілу» бюджэту скончылася. Шкада, што няма статыстыкі, прысвечанай таму, колькі бюджэтных грошай стаўленікам Лукашэнкі ўдалося ўнесці ў дзюбах.
Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.