Перамяшаўшы статыстычныя дадзеныя, «моцныя гаспадарнікі» Чэрыкаўшчыны зрабілі выгадныя для сябе высновы.
У Чэрыкаўскім раёне аб’ём вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі ў 2025 годзе павялічыўся ў параўнанні з 2024 годам у супастаўных цэнах амаль на дванаццаць працэнтаў.
Пераможная статыстыка выглядае так:
- збожжа ў 2025 годзе выраблена 26,1 тысячы тон або на 32,5 працэнта больш, чым у 2024 годзе;
- яго ўраджайнасць склала 22 цэнтнеры з аднаго гектара, у 2024 годзе – 16,6 цэнтнера;
- у 2025 годзе рэалізавана жывёлы і птушкі на забой 3,1 тысячы тон або на 21,8 працэнта больш, чым у 2024 годзе.
Пагадзіцеся – паўсюль відавочны рост. А цяпер малако:
- яго выраблена 10,5 тысячы тон,
- рэалізавана па ўсіх каналах збыту 9,3 тысячы тон.
- удзельная вага рэалізаванага малака ў агульным аб’ёме яго вытворчасці склала 89 працэнтаў.
Праблема толькі ў тым, што ў выпадку з малаком параўнанне з мінулым годам знікае.
Няма параўнальных паказчыкаў і па скаціне. Проста паведамляецца, што колькасць буйной рагатай жывёлы ў сельскагаспадарчых арганізацыях раёна на 1 студзеня 2026 года склала 7,8 тысячы галоў, у тым ліку кароў – 3,1 тысячы галоў.
Пра тое, колькі галоў было ў мінулым годзе, улады далікатна маўчаць і паведамляюць толькі пра тое, колькі рагуль у іх выжыла на пачатак года.
Узнікае пытанне: калі малака, мяса і хлеба ў крамах пакуль хапае, навошта хітраваць і выкручвацца?
Тут усё проста. Дэманстрацыя няўхільнага росту для беларускай эканамічнай мадэлі важнейшая, чым сам рост.
А што ў рэчаіснасці? Пра яе найлепш распавяла пракуратура, якая ўсяго пару дзён таму выявіла шматлікія парушэнні ва ўтрыманні БРЖ на ферме ў Чэрыкаўскім раёне.
У якую са справаздач унесці гэты бардак?
Фота: БелТА.