Трох жыхароў Магілёва затрымалі па абвінавачанні ў прапагандзе нацызму.
Супрацоўнікі 3-га ўпраўлення ГУБАЗіК МУС пры сілавой падтрымцы атрада спецыяльнага прызначэння «Гром» унутраных войскаў МУС затрымалі трох жыхароў Магілёва.
Іх аб’явілі прыхільнікамі нацыянал-сацыялістычнай ідэалогіі.
Як сцвярджаецца ў паведамленні тэлеграм-канала МУС Беларусі, аднаму з магілёўцаў – 21 год. Ён, разам з двума сябрамі, святкаваў дзень нараджэння Гітлера і адмаўляў Дзень Перамогі.
Хлопцы нібыта стварылі і адміністравалі тэлеграм-каналы, якія прапагандавалі і ўслаўлялі нацызм.
Па месцах пражывання маладых людзей былі знойдзены і канфіскаваны нацысцкія сцягі, тэматычная літаратура, незарэгістраваная сімволіка, а таксама інструкцыі па выбуховай справе і халодная зброя.
Судзячы па здымках, размешчаных у міліцэйскім тэлеграм-канале, магілёўцы былі неаязычнікамі. Прапаганду нацызму ім маглі «прышпіліць да кучы», каб надаць справе вагі.
На самай справе язычніцкія руны і меч, паказаныя ў міліцэйскім відэа, могуць сведчыць пра пакланенне зусім не Гітлеру.
І калі ўжо гаворка заходзіць пра пакланенне правадыру Трэцяга рэйха, то прыцягваць да крымінальнай адказнасці варта не каго-небудзь, а галоўнага сябра і апекуна беларускага ГУБАЗіКа.
Фота – скрыншот відэа тэлеграм-канала МУС Беларусі.