аграрна-эканамічны каледж

У бабруйскім каледжы ўкараняюць камуністычную ідэалогію

Выкладчыца Бабруйскага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага каледжа, карыстаючыся службовым становішчам, распаўсюджвае ідэі камунізму.

Выкладчык Людміла Кандрацьева, якая адначасова займае пасаду другога сакратара Бабруйскага гаркама Камуністычнай партыі Беларусі, зладзіла агітацыю за сваю ідэалогію, забароненую ў многіх краінах, проста ў сценах каледжа. Для гэтага яна выкарыстала фармат так званай «Гадзіны інфармавання», і такім чынам каледж ператварыўся ў пляцоўку для палітычнай агітацыі. 

На сустрэчу са студэнтамі былі запрошаны яе аднапартыйцы – прадстаўнікі гарадскога камітэта КПБ Аляксандр Лаўрыненка і Сяргей Белянаў. У ходзе размовы падлеткам распавядалі пра “выбітную ролю правадыра сусветнага пралетарыяту”, а таксама аб прынцыпах і ідэях камуністычнай партыі.

Асаблівую ўвагу прыцягнуў адзін з гасцей – Аляксандр Лаўрыненка, які акрамя партыйнай дзейнасці ўзначальвае ветэранскую арганізацыю вайсковай часткі № 5527 Унутраных войскаў МУС. На сустрэчу са студэнтамі ён прыйшоў у форменнай вопратцы, што ўзмацніла сімвалічны і ідэалагічны эфект таго, што адбывалася.

У сваю чаргу падрыхтоўка да прапагандысцкага мерапрыемства выйшла за рамкі аўдыторыі. Напярэдадні некалькі навучэнцаў каледжа па просьбе выкладчыцы былі прыцягнутыя да ўборкі снегу на дарозе, якая вядзе да офіса Бабруйскай партыйнай арганізацыі КПБ.

Сітуацыя выклікае пытанні аб дапушчальнасці выкарыстання адукацыйнай установы і працы навучэнцаў для прасоўвання партыйнай ідэалогіі, а таксама аб межах паміж навучальным працэсам і палітычнай прапагандай.

Фотаздымак: Mayday