Сайт “Хартыі 97” і Школы грамадзянскай асветы Sapere Aude цяпер немагчыма адкрыць у Беларусі без VPN.
Як распавядаецца на сайце Генеральнай пракуратуры, пракурор Магілёўскай вобласці вынес пастановы аб абмежаванні доступу да сайтаў sapere.online і c97.org.
Пракуратура сцвярджае, што падставай для абмежавання сталі нібыта парушэнні патрабаванняў законаў “Аб сродках масавай інфармацыі” і “Аб супрацьдзеянні экстрэмізму”. Менавіта такія фармулёўкі звычайна выкарыстоўваюцца для апраўдання ціску на свабоду слова і вольнага доступу грамадзян да інфармацыі.
“На рэсурсе c97.org размяшчаліся загадзя ілжывыя дадзеныя аб палітычным становішчы Рэспублікі Беларусь і прававым статусе беларусаў. Акрамя таго, на рэсурсе ўтрымліваліся матэрыялы і гіперспасылкі на кантэнт, прызнаны экстрэмісцкім па рашэнні судоў”, – гаворыцца ў паведамленні. Прычым ніякіх доказаў таго, што звесткі былі ілжывыя, не прыводзіцца.
Працягвае змагацца пракуратура ў Беларусі і з грамадскімі навукамі. Рэсурсу sapere.online выстаўлена прэтэнзія, што “акрамя экстрэмісцкіх матэрыялаў размяшчаліся вынікі апытанняў грамадскай думкі грамадзян аб стаўленні да грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне і выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”. Вялікую праблему у такіх апытаннях магілёўскія пракуроры ўбачылі ў тым, што праводзіліся яны без атрымання акрэдытацыі, “што супярэчыць патрабаванням п. 1 арт. 38 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі». Тут варта нагадаць, што атрымаць акрэдытацыю сапраўды незалежным сацыёлагам ў Беларусі проста не магчыма.
У адрозненні ад “Хартыі 97”, якая добра вядома беларусам, аб Школе грамадзянскай асветы Sapere Aude многія могуць чуць упершыню. А між тым, гэта даволі цікавы рускамоўны рэсурс, “прысвечаны падзеям, тэндэнцыям і з’явам глабальнага свету”. “Кожны дзень мы сочым за тым, што кажуць і пішуць лепшыя навукоўцы, аналітыкі, філосафы, публіцысты і грамадскія дзеячы з усяго свету і дзелімся іх самымі цікавымі думкамі – заўсёды на рускай мове”, – адзначаецца ў рубрыцы sapere.online “Пра нас”.
У выніку па патрабаванні магілёўскай пракуратуры Дзяржаўная інспекцыя па электрасувязі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі абмежавала доступ да гэтых рэсурсаў.
Фотаздымак: Генеральная пракуратура