колония в Вейно

Палітвязень: калонія №15 – гэта квінтэсенцыя вычварэнскага лукашысцкага рэжыму

Сегрэгацыя палітвязняў, іх дыскрымінацыя і катаванні – гэтым, паводле былога палітзняволенага, характарызуецца калонія №15 у Магілёве.

Магілёўская калонія №15 у Вейна даўно мае рэпутацыю адной з самых жорсткіх у Беларусі, асабліва для тых, каго ўлада пазначыла «жоўтымі біркамі». Былы палітвязень, які пагадзіўся гаварыць ананімна з Праваабарончым цэнтрам “Вясна”, апісвае сістэму, дзе ціск, кантроль і прыніжэнне сталі нормай, а любая ініцыятыва караецца.

Сістэма страху і кантролю

“Я асабіста апісаў бы калонію № 15 як квінтэсенцыю вычварэнскага лукашысцкага рэжыму, усё тое, што на волі неяк прыкрываецца, там існуе ў выглядзе реальнасці, якая мяжуе з фарсам. Усё робіцца не лагічна, а праз прызму нейкай саўковай традыцыі. Пры гэтым супрацоўнікі наўмысна падтрымліваюць кумаўство, інтрыгі, плёткі, даносы і скаргі адзін на аднога” – кажа былы палітвязень.

Паводле яго, уся структура калоніі пабудавана на штучнай нелагічнасці і страху. Адміністрацыя свядома падтрымлівае даносы, канфлікты і залежнасць зняволеных ад супрацоўнікаў. «За любую ініцыятыву можна быць пакараным» – адзначае ён, дадаючы, што галоўнай мэтай персаналу ёсць не вырашэне праблемы, а фармальнае існаванне ў сістэме.

Асобнае месца займае дыскрымінацыя палітвязняў. «Жоўтая бірка» аўтаматычна абмяжоўвае правы: іх ізалююць падчас званкоў, пераносяць час сувязі без папярэджання, а камунікацыя з роднымі становіцца непрадказальнай. Унутры калоніі да іх ужываюць прыніжальныя мянушкі і адкрыта дэманструюць прадузятае стаўленне.

Пакаранні і ізаляцыя як норма

Дадатковы ціск ствараецца праз статус «злоснага парушальніка», які масава прысвойваюць палітычным. Гэта вядзе да рэгулярных пакаранняў, у тым ліку ізаляцыі ў ШІЗА або ПКТ. Палітвязняў пазбаўляюць доступу да многіх магчымасцяў: ім нельга займаць адказныя пасады, наведваць некаторыя аб’екты, а ў краму яны ідуць апошнімі – нават пасля зняволеных з «нізкім статусам».

Жорстка кантралюецца і паўсядзённае жыццё. За тыя ж парушэнні, за якія іншыя атрымліваюць папярэджанне, палітвязням пагражаюць рапарты. Спатканні і перадачы могуць адмяніць без тлумачэнняў, а лісты – затрымаць або «згубіць». У калоніі фактычна забаронена абмяркоўваць палітыку, вайну і навіны. За гэта можна трапіць у ШІЗА.

Ціск праз умовы і медыцыну

ШІЗА, паводле сведкі, выкарыстоўваецца як інструмент выпадковага пакарання. Умовы там цяжкія: холад, адсутнасць інфармацыі і мінімальны камфорт. Аднак парадаксальна, што некаторыя вязні ўспрымаюць ізалятар як перадышку ад пастаяннага псіхалагічнага ціску.

Адміністрацыя выкарыстоўвае і іншыя метады ўздзеяння: пазбаўленне сувязі з роднымі, перавод у горшыя ўмовы, праверкі рэчаў і прымус да цяжкай працы. Паводле суразмоўцы, фізічны гвалт таксама ўжываўся, асабліва супраць тых, хто «супраціўляўся».

Асобнай праблемай ён называе медыцынскую дапамогу, якую апісвае як «спосаб ненаўмыснага катавання»: перапоўненыя памяшканні, доўгія чэргі і рэакцыя толькі ў крытычных выпадках. Інфармацыйная ізаляцыя таксама моцна ўплывае на стан зняволеных, пакідаючы іх без разумення таго, што адбываецца за межамі калоніі.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

← Усе навіны Магілёва