Здаецца, сістэма “моцнага гаспадарання” імя Лукашэнкі разваліла яшчэ адно прыстойнае сельгаспрадпрыемства.
КДК Магілёўскай вобласці пачаў праверку СВК “Гігант” Бабруйскага раёна. Правяраць будуць фінансы, выкананне планавых паказчыкаў, законнасць расходавання бюджэтных сродкаў, бухулік, насенняводства, своечасовасць выплаты заробкаў. Але асобным радком вылучаны адзін пункт: падзёж буйной рагатай жывёлы.
Гаспадарка гэта няпростая і з гісторыяй.
У маі 1950 года сем калгасаў Бабруйскага раёна аб’ядналіся і далі новай гаспадарцы імя “Гігант”. Назва не выпадковая: амаль сем тысяч гектараў зямлі, сем ферм, малочна-таварны комплекс, больш за чатыры тысячы галоў буйной рагатай жывёлы і дзве з лішнім тысячы свіней.
Гаспадарка ўваходзіла ў лік шасцідзесяці валаўтваральных прадпрыемстваў рэспублікі, якім аказваецца дзяржаўная падтрымка.
Дзесяцігоддзямі “Гігант” сапраўды дзяржпадтрымку апраўдваў. Гаспадарка, нібыта, працавала з высокім узроўнем рэнтабельнасці і стабільным прыбыткам, праца своечасова і годна аплачвалася. СВК атрымліваў ганаровыя дыпломы Міністэрства сельскай гаспадаркі, Магілёўскага аблвыканкама і Бабруйскага райвыканкама за высокія паказчыкі ў вытворчасці зерня, бульбы, рапсу, малака і мяса.
Самую высокую ўраджайнасць бульбы ў Магілёўскай вобласці рэгістравалі таксама тут.
На тэрыторыі “Гіганта” – школа, дзіцячы сад, дом культуры, бальніца, банк, гасцініца. Цэлы аграгарадок Вялікія Бортнікі жыве жыццём кааператыва.
І вось – праверка КДК з асаблівай увагай да падзяжу жывёлы.
На фоне таго, што адбываецца ў вобласці ў цэлым, гэта нядзіўна. За 2025 год у гаспадарках Магілёўскай вобласці загінула больш за дваццаць адну тысячу галоў буйной рагатай жывёлы. Прычына – парушэнне рэгламентаў, несвоечасовая вакцынацыя, неэфектыўнае лячэнне.
У студзені 2026 года рост падзежу па вобласці склаў амаль сто сорак пяць працэнтаў – адразу ў семнаццаці раёнах, у тым ліку ў Бабруйскім. Па фактах утойвання падзежу распачата шэсцьдзесят сем крымінальных спраў.
Што менавіта здарылася ў “Гіганце” – пакажа праверка. Гаспадарка, якая дзесяцігоддзямі служыла была флагманам бабруйскай сельскай гаспадаркі, відавочна перажывае не лепшыя часы.
Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.
