Асіповіцкі філіял «Бабушкиной крынки» адсправаздачыўся пра гучную перамогу – сыры «Італіко» і «Пармізана дэ Люкс» атрымалі залаты і бронзавы медалі на 34-й міжнароднай выставе Expo HORECA Minsk 2026. Гучыць унушальна. Але давайце разбярэмся, што за гэтым стаіць.
«Міжнародная» – гэта гучна сказана
Выстава, пра якую ідзе гаворка, праводзіцца з 1992 года і сапраўды з’яўляецца адзінай галіновай пляцоўкай такога роду ў Беларусі.
Вось толькі маштаб у яе вельмі сціплы: у 2026 годзе яна сабрала крыху больш за 50 удзельнікаў і каля 3 500 наведвальнікаў. З “замежных” гасцей – пераважна расійскія эксперты. Ніякага шырокага міжнароднага прадстаўніцтва.
Хто ўдзельнічае – той і перамагае
Удзел у выставе для экспанентаў платны. Прычым у лік удзельнікаў уваходзяць не толькі вытворцы прадуктаў, але і пастаўшчыкі абсталявання, клінінгавых паслуг, франшыз, гасцінічных рашэнняў. Колькі канкурэнтаў было менавіта ў катэгорыі сыроў – невядома. Цалкам магчыма, што іх не было зусім.
Схема працуе проста: заплаціў за стэнд, выставіў прадукт – атрымаў медаль. Ніякага сляпога дэгустацыйнага конкурсу з незалежным журы ў адкрытым доступе не апісана.
Што гэта значыць на практыцы
Падобныя ўзнагароды – стандартны маркетынгавы інструмент. Яны з’яўляюцца на ўпакоўцы, у прэс-рэлізах і карпаратыўных справаздачах. Ствараюць адчуванне прызнання і якасці. Але да рэальнай незалежнай ацэнкі прадукту маюць толькі ўскоснае дачыненне.
Гэта не значыць, што сыры дрэнныя. Магчыма, яны цалкам годныя. Але «золата прэстыжнай выставы» і «золата адзінай беларускай галіновай выставы з 50 удзельнікамі», гэта, пагадзіцеся, розныя рэчы.
Фота раённай газеты.
