строительство

Улады Магілёва пачалі абмеркаванне будаўніцтва дома, але абмяркоўваць няма чаго

У Магілёве абвясцілі абмеркаванне будаўніцтва 10-павярхоўкі. Але спасылка на абмеркаванне вядзе ў нікуды.

У Магілёве ў раёне дома №40А па вуліцы Лазарэнкі плануюць пабудаваць новы дзесяціпавярховы жылы дом. У ім хочуць размясціць 72 кватэры, а на першым паверсе прадугледзець убудаваныя памяшканні. Таксама праект прадугледжвае добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі.

Для будаўніцтва новай высоткі збіраюцца знесці прыватныя жылыя дамы №38 і №38А па вуліцы Лазарэнкі.

Грамадскае абмеркаванне праекта, паводле інфармацыі друкаванага органа аблвыканкама, павінна прайсці з 6 па 20 мая.

Але ў гэтай гісторыі ёсць важная дэталь: спасылка на сайце MogilevNEWS.by, якая павінна весці да абмеркавання вядзе ў нікуды – яна бітая.

Гэта не дробязь, калі гаворка ідзе пра грамадскае абмеркаванне горадабудаўнічага праекта.

Для жыхароў раёна важна разумець, што менавіта збіраюцца будаваць побач з іх дамамі: дзе будзе размешчаны новы дом, як зменіцца рух, што будзе з паркоўкамі, дварамі, зялёнымі зонамі, нагрузкай на інфраструктуру. Асабліва калі пад будаўніцтва плануюць знесці існуючыя прыватныя дамы.

Фармальна ўлады абвясцілі абмеркаванне. Фармальна афіцыйны рэсурс паведаміў пра яго. Фармальна спасылка ў публікацыі таксама ёсць. Але фактычна магілёвец, які хоча даведацца падрабязнасці і прыняць удзел, сутыкаецца з непрацоўным адрасам.

Дзяржаўныя і афіцыйныя рэсурсы ў апошнія тыдні актыўна асвятлялі падрыхтоўку да святочных мерапрыемстваў і парадаў. І, здаецца, выдыхліся ад перамогабесся.

Цяпер, замест сапраўды важнага дыялогу з людзьмі, магілёўскія чыноўнікі імітуюць іх удзел у абмеркаванні.

Фота: “Магілёўскія ведамасці”.

← Усе навіны Магілёва