пабеда

“Победобесие” па-магілёўску: бесперапынны трохсутачны канцэрт

Цягам 81 гадзіны без перапынку ў Магілёве будзе гучаць “патрыятычны канцэрт”, прысвечаны перамозе ў нямецка-савецкай вайне.

Пачынаючы ад 10:00 6 траўня і заканчваючы ў 19:00 9 траўня, гэта значыць больш за трое сутак, у Магілёве будзе праходзіць канцэрт пад назвай “81 гадзіна да Вялікай Перамогі”. Месцам яго правядзення стане адкрытая пляцоўка каля абласной філармоніі па вуліцы Першамайскай. 81 гадзіна, пэўна, звязана з 81-ай гадавінай перамогі, якая адзначаецца сёлета.

Калі вывучыць праграму такога дзіўнага для Магілёва мерапрыемства, то можна заўважыць, што не ўсю 81 гадзіну каля былога дома палітасветы будуць спяваць і плясаць. Уначы, а менавіта ад 22:00 і да раніцы наступнага дня, гледачам “канцэрта” прапануецца глядзець фільмы пра вайну. Многія стужкі расійскія і знятыя зусім нядаўна, выпуск некаторых пазначаны 2025 годам. 

Цяжка вызначыць сілу матывацыі для начнога прагляду гэтых фільмаў, але, відаць, магілёўскія чыноўнікі, якія задумалі такую акцыю, упэўнены, што начамі пры магчымым дажджу (паводле прагнозу надвор’я) стаць кінагледачамі пад адкрытым небам захочуць многія магілёўцы і госці горада. 

Фотаздымак з адкрытых крыніц

← Усе навіны Магілёва