Блакітная крыніца

Блакітную крыніцу ў Слаўгарадзе пралічылі: 600 чалавек за дзень, 5 тысяч – на Спас

Мінпрыроды вынесла на грамадскае абмеркаванне праект пастановы, які ўпершыню ўстанаўлівае нарматывы дапушчальнай нагрузкі для рэспубліканскага водна-балотнага заказніка «Слаўгарадскі» і помніка прыроды рэспубліканскага значэння «Крыніца «Блакітная крыніца». На Прававым форуме Беларусі праект абмяркоўваюць з 3 па 12 жніўня – абмеркаванне завершыцца за два дні да Мядовага Спаса, галоўнага дня ў годзе для крыніцы.

Дакумент дапаўняе пастанову Мінпрыроды №21 ад 19 жніўня 2019 года двума дадаткамі. Для заказніка гранічная дысперсная сезонная нагрузка – 2 660 чалавек адначасова, і тое пры ўмове, што яны раўнамерна размеркаваны па ўсёй яго тэрыторыі. Для самой крыніцы нарматыў прапісаны асобна:

гранічна дапушчальная сезонная нагрузка – 600 чалавек за дзень;

пікавая нагрузка на час фестываляў, свят і спаборніцтваў – да 5 000 чалавек на працягу дня, але не больш за 600 адначасова каля самой крыніцы.

Тым жа праектам устаноўлены гранічныя плошчы трансфармацыі ландшафтаў. Нарматывы разлічваў Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па біярэсурсах, а ўлічваць іх пры планаванні турыстычнай і аздараўленчай дзейнасці давядзецца Слаўгарадскаму райвыканкаму і дзяржаўнай прыродаахоўнай установе «Слаўгарадская «Блакітная крыніца».

У абгрунтаванні да праекта асобна агаворана, што прыняцце пастановы не запатрабуе выдаткаў ні з рэспубліканскага, ні з мясцовых бюджэтаў. Лічыць наведвальнікаў, такім чынам, будуць тымі сіламі, якія ёсць цяпер.

Блакітная крыніца – самая магутная крыніца ўзыходнага тыпу на Усходне-Еўрапейскай раўніне: вада б’е са шахты глыбінёй больш за 150 метраў і дыяметрам больш за метр з хуткасцю 60 літраў за секунду.

Заказнік «Слаўгарадскі» створаны пастановай Савета Міністраў №825 ад 4 лістапада 2017 года ў месцы ўпадзення Проні ў Сож.

Абмежаванне патоку ў абгрунтаванні тлумачаць клопатам пра турыстаў будучых пакаленняў. Але асноўны паток да крыніцы ствараюць не турысты, а паломнікі 14 жніўня, калі ў Слаўгарад едуць тысячы людзей, у тым ліку з-за мяжы. Менавіта для гэтага дня ў праекце напісана выключэнне, якое больш за штодзённую норму ў восем з лішнім разоў.

Фота ведамаснага сайта Слаўгарадскага райвыканкама.

← Усе навіны Магілёва